Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/170

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Так, вязку зладзейскіх інструмантаў. Гэта, відаць, вельмі супакоіла цябе. Але чаго-ж ты баяўся? Што, ты думаў, мы знайшлі?

Гек быў прыціснуты да сцяны. Стары не зводзіў з яго дапытлівых вачэй. Хлопчык аддаў-бы ўсё на свеце, каб выдумаць добры адказ, але нічога ў галаву не прыходзіла, а дапытлівы погляд старога ўсё глыбей пранікаў яму ў душу. Патрапіў самы недарэчны адказ, але абдумваць не было калі, і Гек наўдачу прамармытаў:

— Я думаў, што вы знайшлі… падручнікі нядзельнай школы.

Небарака быў надта збянтэжаны і не мог усміхнуцца, але стары зарагатаў так гучна і весела, што закалыхалася ўсё яго важкае цела, і нарагатаўшыся такім чынам ён абвясціў, што такі смех — гэта эканомія, бо ён вызваляе ад выдаткаў на дактароў і лякарствы.

— Бедны хлапчук! — дадаў ён — ты бледны і стомлены; ды, мусіць, і хворы крыху, бо нешта вярзеш. Ну, ды гэта нічога, паправішся. Адпачнеш, выспішся і ўстанеш, нібы нічога не было.

Гек злаваў на сябе за сваю дурасць і няўменне валодаць сабой, але ён страшэнна ўсхваляваўся, пачуўшы пра знаходку: ён думаў, што гэта знайшлі скрынку. Але наогул ён быў рады, што яно так вышла: цяпер ён, прынамсі, ведаў пэўна, што было ў клунку, і таму супакоіўся. Усё, відаць, наладжвалася добра: скрынка, мабыць, да гэтага часу знаходзіцца ў нумары другім, абодвух жулікаў сёння зловяць, а ўначы яны з Томам, без ніякіх клопатаў і перашкод, захопяць скарб.

Толькі яны скончылі снеданне, як пачуўся стук у дзверы. Гек паспяшаўся схавацца, бо ён зусім не хацеў, каб хто-небудзь падумаў, што ён мае хоць якое дачыненне да начных падзей. Валіец упусціў некалькі лэдзі і джэнтльменаў і заўважыў, што на гару караскаецца натоўп дзяцей, каб паглядзець на плот. Значыцца, навіна распаўсюдзілася.