Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/169

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

выказаў, і цяпер ужо не возьмеш сваіх слоў назад. Ты нешта ведаеш пра гэтага іспанца і не хочаш сказаць? Ну, здаверся мне, скажы. І будзь спакойны, — я цябе не выдам.

Гек паглядзеў у чэсныя вочы старога, нагнуўся і шапнуў яму на вуха:

— Гэта не іспанец, гэта індзеец Джо.

Валіец ледзь не скаціўся з крэсла.

— Ну, цяпер справа ясная, цяпер я разумею, — сказаў ён. — Калі ты казаў пра адсечаныя вушы і раскроены нос, я думаў, што гэта ты сам выдумаў, ад фантазіі; але індзеец Джо — гэта, вядома, зусім іншая рэч.

За снеданнем гутарка працягвалася, і паміж іншым стары сказаў, што перад тым, як пайсці адтуль, ён з сынамі запаліў ліхтар і агледзеў плот і зямлю побач, шукаючы, ці няма дзе плямін крыві. Плямін яны не знайшлі, але захапілі вялікі клунак з…

— З чым?!

Словы гэтыя, як маланка, сарваліся са збялелых вуснаў хлопчыка. Ён разгубленымі вачыма ўтаропіўся на старога і, ледзь дыхаючы, чакаў адказу. Валіец, у сваю чаргу, глядзеў на яго тры, пяць, дзесяць секунд, перш чым адказаў.

— Клунак з зладзейскімі інструмантамі. Але што з табой?

Гек адкінуўся на спінку крэсла, слаба, але глыбока ўздыхаючы з надзвычайным палягчэннем. Валіец сур’ёзна і з цікавасцю глядзеў на яго.