Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/168

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Бачыце, жывецца мне нясоладка, ды і сам я нікуды няварты чалавек, — прынамсі ўсе так гавораць, і я нічога не магу сказаць супроць гэтага. Вось я іншы раз і не сплю ўначы, усё думаю ды раздумваю, як-бы гэта мне пачаць жыць па-іншаму. Так яно было і ў мінулую ноч. Заснуць я не мог, ну і бадзяўся па вуліцы гэтак а поўначы, думаючы пра ўсё гэта. Іду міма старога мураванага хлява, што каля карчмы, стаў ля сцяны і думаў… І раптам бачу — бягуць міма два чалавекі, у аднаго з іх нешта пад пахай, — я так і парашыў, што гэта крадзенае. Адзін курыў, а другому хацелася закурыць, — вось яны і спыніліся за два крокі ад мяне. Цыгары асвятлілі іх твары, і я пазнаў у высокім глуханямога іспанца, — я пазнаў яго па сівых бакенбардах і пластыры на воку. А другі быў гэты абадраны д’ябал у лахманах…

— Няўжо ты мог пры святле цыгары разгледзець яго лахманы?

Гек на хвіліну замяшаўся.

— Ужо не ведаю як, але мабыць разгледзеў.

— Ну, і што-ж? Яны пайшлі, а ты?..

— А я за імі. І так яно ўсё і вышла. Мне хацелася даведацца, што яны надумалі. Яны лезлі ўсё вышэй і вышэй, і я за імі да самага плота, што каля дома ўдавы. Там я стаў у цемры і слухаю: абадранец стаяў за ўдаву, а іспанец бажыўся, што знявечыць ёй морду, — ну, ды я-ж вам ужо расказваў…

— Як? Усё гэта казаў глуханямы?

Зноў папаўся! Гек усяляк стараўся, каб старому нават і ў галаву не магло прыйсці, хто такі іспанец, але яго язык нібы паставіў сабе задачу — падводзіць яго. Ён некалькі разоў прабаваў выправіць справу, але стары ўвесь час не зводзіў з яго вачэй, і ў яго штохвілінна вырывалася хлусня. Нарэшце валіец сказаў:

— Галубок, ды не бойся-ж ты мяне! Я нізавошта ў свеце не згадзіўся-б выдаць цябе. Наадварот, я вазьму цябе пад сваю абарону. Гэты іспанец не глуханямы. Ты наўмысна