Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/167

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

яны спыніліся і таксама давай смаліць у нас, але толькі іхныя кулі прасвісцелі міма, не пашкодзіўшы нам. Потым ужо і тупату не было чуваць. Тады мы спынілі дагон, спусціліся з гары і ўзнялі на ногі паліцэйскіх. Тыя вылучылі некалькіх чалавек пільнаваць бераг; а як толькі развіднеецца, шэрыф загадае абшукаць лес і мае мальцы пойдуць. Добра, каб ты мог апісаць нам, якія яны з выгляду, гэтыя разбойнікі, гэта нам вельмі дапамагло-б. Але-ж ты, малы, мусіць, і не разгледзеў іх у цямноце?

— Не, я ўбачыў іх у горадзе і пайшоў следам за імі.

— Вельмі добра! Ну, дык кажы, якія яны.

— Адзін з іх стары, глуханямы іспанец, які ў апошні час ходзіць па горадзе, а другі — абадранец, паганая такая фізіяномія…...

— Гэтага досыць, галубок, — мы ўжо ведам. Учора мы бачылі іх у лесе; яны бадзяліся каля дома ўдавы, а як убачылі нас, дык ходу. Ну, хлопцы, хутчэй ідзіце к шэрыфу, снеданне ўжо прыдзецца адкласці на заўтра!

Сыны валійца зараз-жа пайшлі. Калі яны накіраваліся да дзвярэй, Гек кінуўся за імі і пачаў прасіць:

— Калі ласка, толькі не кажыце, што гэта я данёс на іх! Калі ласка! Вельмі прашу!

— Добра. Калі ты не хочаш, мы не скажам. Але-ж ты нічога дрэннага не зрабіў, — цябе толькі пахвалілі-б за гэта.

— Ой, не, не трэба! Калі ласка, не кажыце!

Калі маладыя людзі вышлі, стары звярнуўся да Гека:

— Яны не скажуць, і я не скажу. Але чаму ты не хочаш каб гэта было вядома?

Гек адважыўся сказаць, што гэтыя людзі абавязкова заб’юць яго, калі даведаюцца, што ён данёс на іх.

Стары яшчэ раз абяцаў захоўваць тайну, але ўсё-ж такі спытаўся:

— Як табе прышло ў галаву сачыць за імі, хлопчык? Вельмі падазроннымі яны табе здаліся, ці што?

Гек маўчаў, прыдумваючы такі адказ, які не мог-бы яго скампраметаваць, і нарэшце сказаў: