Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/166

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Хто там?

Ціхі, спалоханы голас адказаў.

— Калі ласка, упусціце! Гэта я, Гек Фін.

— Перад гэтым імем, хлопчык, дзверы нашага дома заўсёды адчынены і ўдзень і ўноч. Калі ласка, уваходзь!

Дзіўна прагучэлі гэтыя словы для слыху маленькага валацугі. Ніколі яшчэ ён не чуў такіх прыемных слоў, нават не мог прыпомніць, каб хто-небудзь калі-небудзь сказаў яму: «калі ласка!»

Дзверы адчынілі, і Гек увайшоў. Яго пасадзілі, а стары і яго малайцы-сыны спешна апраналіся.

— Ну, мой хлопчык, я думаю, ты досыць галодны. Але ў нас снеданне будзе хутка гатова; як толькі сонейка ўзыйдзе, будзе гарачы блін, — ужо наконт гэтага будзь пэўны. А я з дзецьмі спадзяваўся, што ты вернешся і пераначуеш у нас.

— Я страшэнна спалохаўся! — прызнаўся Гек. — Як вы пачалі страляць, я пабег з усіх ног і аж тры мілі бег, не спыняючыся. А цяпер я прышоў, каб даведацца пра ўсё, як яно вышла, і знарок да святла, каб не напароцца на гэтых д’яблаў, нават калі яны ўжо мёртвыя.

— Але, брат, у цябе такі выгляд, нібы ты і зусім не спаў. Ну, ды не бяда! Вось табе пасцеля; як паснедаеш, дык і лажыся. Не, малец, на жаль, яны не забітыя, — і гэта нам вельмі прыкра. Бачыш ты, як яно вышла. Па твайму апісанню мы ўжо ведалі, дзе іх узяць, таму мы на цыпках падкраліся да іх зусім блізка, — на гэтай-жа сцежцы між кустоў цёмна, як у склепе. Спыніліся гэтак крокаў, мабыць, за пяць, і раптам — што-б ты думаў? — прыпёрла-ж мяне чхнуць. Вельмі не пашанцавала! Як я ні ўстрымліваўся, нічога не мог зрабіць,— чхаю, ды і ўсё тут! А ішоў я наперадзе, трымаючы пісталет напагатове. Толькі я чхнуў, гэтыя жулікі кінуліся бегчы, а я крычу сваім: «Страляй, хлопцы!» І стрэліў разбойнікам услед. І мальцы мае таксама. Але гэтыя падлюгі ўжо ўцяклі, — трэба думаць, што мы ўсе тры прамінуліся. Яны праз лес, — мы за імі. Потым