Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/165

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Гекльберы Фін. Упусціце хутчэй!

— Гекльберы Фін? Вось дык здорава! Гэта не такое імя, каб перад ім расчыняліся дзверы. Але ўсё-ж такі, хлопчыкі, упусціце яго. Паглядзім, што з ім такое.

— Калі ласка, не расказвайце нікому, што я вам скажу, а то мне будзе бяда. Але ўдава была ласкавая да мяне, і я вам скажу. Скажу калі вы абяцаеце нікому не казаць, што гэта я…

— Чэснае слова, у яго ёсць што сказаць, гэта нездарма! — усклікнуў стары. — Ну, малец, выкладвай, што ведаеш, — мы нікому не скажам.

Праз некалькі мінут стары фермер і яго сыны, добра ўзброеныя, узышлі на ўзгорак і ішлі на цыпках па сцежцы між кустамі, трымаючы напагатове пісталеты. Гек давёў іх да сцежкі, але далей не пайшоў.

Ён прысеў за вялікім каменем і чакаў. Настала доўгае, нуднае маўчанне. Раптам пачуліся стрэлы і крыкі. Гек не чакаў, што будзе далей. Ён ускочыў і паімчаўся ўніз з гары з ўсёй шпаркасцю, на якую здольны былі яго ногі.

Раздзел ХХІХ

У нядзелю раніцою, з першым пробліскам святла, Гек пастукаў у дзверы старога валійца. У доме ўсе яшчэ спалі, але тым чулым сном, ад якога прачынаюцца пры самым малым шуме ў выніку трывог, якія былі ўначы. З акна яго гукнулі: