Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/164

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Забіць яе? Ці-ж я казаў, што заб’ю яе? Я забіў-бы яго, каб ён быў тут, але не яе. Калі хочуць адпомсціць жанчыне, яе не забіваюць, — дзеля чаго? Досыць папсаваць ёй фізіяномію: раскроіць нос, абсячы вушы, Як свінні!..

— Але-ж гэта…

— Пакінь сваю думку пры сабе! Цалейшы будзеш. Я прывяжу яе да ложка. І калі яна зыйдзецца крывёю, ці-ж гэта будзе мая віна? Я не заплачу, калі яна падохне. А ты, браце, паможаш мне па сяброўству, — затым ты сюды і прышоў; аднаму мне, магчыма, не справіцца. А калі спалохаешся, табе будзе капут — зразумеў? А калі мне прыдзецца забіць цябе, я заб’ю і яе, — і тады ўжо ніхто не пазнае, чыіх рук гэтая справа.

— Ну, што-ж? Калі рабіць, так рабіць. Чым хутчэй, тым лепш, — мяне ўсяго трасе.

— Як? Зараз? А госці? Слухай, брат, гэта нешта падазронна: чаго гэта ты так раптам заспяшаўся? Не, мы пачакаем, пакуль пагасяць агні. Спяшацца няма куды.

Гек адчуў, што цяпер пачынаецца маўчанне, яшчэ больш жудаснае, як гэта нарада душагубаў, таму ён затаіў дыханне і адступіў на крок назад, загадзя абследваўшы нагой месца, куды ступіць, дзеля чаго яму прышлося балансіраваць на адной назе, рызыкуючы ўпасці. З такімі-ж перасцярогамі і рызыкай ён зрабіў другі крок назад, потым яшчэ і яшчэ. Раптам пад яго нагой хруснула галінка! У яго дух захапіла. Ён спыніўся, прыслухоўваючыся. Ні гуку, мёртвая ціша. Вельмі ўзрадаваны, ён асцярожна завярнуўся ў вузкім праходзе між двума радамі кустоў і шпарка, але ціха зашагаў далей. Дайшоўшы да каменаломні, ён адчуў, што небяспека мінула, і пусціўся бегчы ва ўвесь дух. Як віхор, ляцеў ён з гары, дабег да дома валійца і пачаў барабаніць кулакамі ў дзверы. З акон высунулася галава старога фермера і яго двух дужых малодшых сыноў.

— Што за шум? Хто там стукае? Што табе трэба?

— Упусціце мяне хутчэй! Я ўсё скажу.

— Ды хто ты такі?