Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/163

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

пала? Гек хацеў-быў вяртацца, як раптам нехта пачаў кашляць за два крокі ад яго. Геку здалося, што сэрца ў яго скокнула ў горла, але ён праглынуў яго зноў і застаўся на месцы, трасучыся ўсім целам, нібы на яго напала разам дзесяць трасцаў, і адчуваючы такую слабасць, што яму здавалася — вось-вось ён зараз паваліцца. Ён пазнаў месца: ён стаяў за пяць крокаў ад пералазу праз плот, які агароджваў маёнтак удавы Дуглас.

«Добра», падумаў ён, «хай закопваюць тут, — прынамсі нядоўга прыдзецца шукаць».

Потым голас індзейца Джо ледзь чутна прамовіў:

— Чорт-бы яе пабраў! У яе, здаецца, госці, — там свеціцца, хоць і позна.

— Дзе ты бачыш свет? Я не бачу.

Другі голас належаў таварышу метыса — незнаёмаму з зачараванага дома. Ледзяныя дрыжыкі прабеглі па целе Гекльберы Фіна. Дык вось каму яны надумаліся помсціць!

Першай думкай яго было — бегчы. Потым ён успомніў, што ўдава Дуглас не адзін раз была ласкавая да яго, а гэтыя людзі можа задумалі забіць яе. Ён шкадаваў, што ў яго нехапае мужнасці папярэдзіць яе, але ведаў, што не адважыцца: а што, калі яны яго зловяць? Усё гэта і яшчэ шмат чаго пранеслася ў яго галаве, раней як метыс паспеў адказаць:

— Табе кусты засланяюць святло. Пасунься сюды, вось так. Цяпер бачыш?

— Але. Мабыць у яе госці. Ці не лепш будзе нам пакінуць гэта?

— Пакінуць, калі я хачу назаўсёды пакінуць гэтыя месцы! Пакінуць, калі можа другога такога выпадку не будзе! Паўтараю табе яшчэ раз, як ужо казаў: мне яе грошай не трэба — можаш узяць іх сабе. Але яе муж пакрыўдзіў мяне, не адзін раз крыўдзіў. Ён быў міравым суддзёй і не раз садзіў мяне ў турму за валацужніцтва. На яго шчасце, ён памёр, але я расквітаюся з ёй!

— Не забівай яе! Не трэба!