Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/162

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ўсе кудысці зніклі. Гарадок задрамаў, і маленькі вартаўнік застаўся адзін з цішынёй і зданямі. У адзінаццаць гадзін і ў карчме згаслі агні. Цяпер усюды была цемра. Гек чакаў, як яму здавалася, бясконца доўга, але нічога не здарылася. Вера ў поспех іхняга плану пачынала знікаць. Навошта ўсё гэта? Ці варта пільнаваць? Ці не лепш залезці на ноч у бочку?

У гэты момант ён пачуў лёгкі шум і адразу настаражыўся. Дзверы, што выходзілі ў закавулак, ціха зачыніліся. Гек кінуўся да мураванага хлява. Праз хвіліну міма яго шмыгнулі дзве чалавечыя постаці; у адной з іх нібы нешта было пад пахай, — напэўна скрынка! Значыцца, яны выносяць скарб! Што-ж цяпер рабіць? Паклікаць Тома? Навошта? Гэта было-б бязглузда: пакуль ён збегае за ім, тыя са скрынкай будуць далёка — потым шукай ветру ў полі! Не, ён пойдзе за імі і высачыць іх, — у такую цемру дзе ім заўважыць яго? Разважаючы такім чынам сам з сабой, Гек вышаў з засады і, крадучыся, як кошка, пайшоў за бандытамі, ціха ступаючы босымі нагамі і трымаючыся воддалі, але на такой адлегласці, каб яны не маглі знікнуць з вачэй.

Яны пайшлі па вуліцы ўздоўж ракі, потым завярнуліся налева ў папярочную вуліцу і ішлі ўсё прама, пакуль не дайшлі да сцежкі, што вяла на ўзгорак. Потым яны пайшлі па гэтай сцежцы. Не задумліваючыся, мінулі яны дамок валійца, што стаяў на спадзе ўзгорка на поўдарозе, і пайшлі вышэй. «Ага!» падумаў Гек, «яны хочуць закапаць грошы ў старой каменаломні». Але яны нават не спыніліся каля каменаломні, а ішлі далей к верхавіне. Потым збочылі на вузкую сцежачку, што вілася ў хмызняку, і адразу зніклі ў цемры.

Гек павялічыў крокі, каб нагнаць іх, бо бачыць яго яны не маглі. Некаторы час ён амаль бег, потым пайшоў цішэй, баючыся, каб не абагнаць іх, і праз некалькі крокаў зусім спыніўся і пачаў прыслухоўвацца. Ані гуку. Ён чуў толькі стук свайго ўласнага сэрца. Са ўзгорка пачуўся злавесны крык пугача, але крокаў не было чуваць. Няўжо-ж усё пра-