Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/161

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

восемдзесят футаў. На кожным кроку да яго далучаліся з абодвух бакоў новыя, яшчэ больш вузкія ходы. Пячора Мак-Дугала з’яўлялася вялікім лабірынтам звілістых і крывых калідораў, якія сходзіліся і разыходзіліся, але не мелі выйсця. Казалі, што ў гэтай блытаніне шчылін і расколін можна было блукаць дні і ночы і ніколі не выбрацца з пячоры, што яна спускалася ўсё ніжэй і ніжэй, і ўсюды было тое самае — адзін лабірынт пад другім, і не было ім канца. Ніводзін чалавек не мог пахвастацца, што «ведае» пячору; ды і ведаць яе было немагчыма. Звычайна маладыя людзі вывучалі толькі малую частку яе, і далей за гэтую частку ісці ніхто не адважваўся. Том Соўэр ведаў пячору не горш і не лепш за іншых.

Працэсія прайшла больш за поўмілі па галоўнаму калідору і потым падзялілася на пары і групы. Яны заварочвалі ў бакавыя ходы, швэндалі па вузкіх калідорах, нечакана сутыкаліся адзін з адным у тых месцах, дзе калідоры злучаліся, і зноў разыходзіліся. Тут можна было згубіць адзін аднаго на поўгадзіны, не выходзячы за межы ўсім «вядомай» часткі пячоры.

Паступова групы адна за адной пачалі вылазіць з пячоры, запыхаўшыяся, закапаныя ад ног да галавы воскам, запэцканыя глінай, але вясёлыя і ў поўным захапленні ад удалай экскурсіі. Усе дзівіліся, што не заўважылі, як прайшоў час і што прышоў ужо вечар. На пароме званілі ўжо з поўгадзіны, клікаючы пасажыраў назад. Калі паром, нагружаны вясёлай кампаніяй, адышоў ад берага, ніхто, апрача капітана, ніколькі не шкадаваў патрачанага часу.

Гек ужо стаяў на варце, калі паромныя агні прамільгнулі міма прыстані. З парома не чуваць было гоману, моладзь супакоілася і сцішылася, як гэта заўсёды бывае, калі людзі бязмерна стомяцца. Гек здзівіўся крыху, чыя гэта лодка і чаму яна не спынілася ля прыстані, але потым забыўся аб ёй думаць і накіраваў усю сваю ўвагу на прадстаячую яму задачу. Прабіла дзесяць гадзін, і стук колаў змоўк. Параскіданыя сям-там агенчыкі адзін за адным гаслі, прахожыя