Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/159

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Дзяўчынка зноў падумала і нерашуча вымавіла:

— Гэта, па праўдзе, нядобра, але…

— Ну што „але“? Глупства якое! Мама твая не даведаецца… Ды і што-ж тут дрэннага? Ёй-жа-ж трэба толькі ведаць, што табе не пагражае небяспека. Яна-б сама паслала цябе туды, каб гэта ёй прышло ў галаву. Верна табе кажу!

Славутая гасціннасць удавы Дуглас была вялікай спакусай. Марожанае і ўгаворы Тома перамаглі нерашучасць дзяўчынкі. Дзеці пастанавілі нікому не гаварыць пра свой намер.

Але потым Тому прышло ў галаву: а што, калі Гек акурат у гэтую ноч дасць сігнал? Гэтая думка значна ахаладзіла яго захапленне. Але ўсё-ж такі ён не мог адмовіцца ад магчымасці паласавацца марожаным у ўдавы Дуглас. „Ды і навошта адмаўляцца?“ — разважаў ён сам з сабой. — „Учора не было сігналу, чаму-ж абавязкова сёння будзе?“ Пэўны разлік весела правесці вечар перасіліў няпэўную надзею авалодаць скарбам. Як і належыць хлопчыку, ён рашыў паддацца больш сільнаму жаданню і адклаў усе думкі пра скрыню з грашыма на заўтра.

У трох мілях ад гарадка ўніз па рацэ паром спыніўся ля ўваходу ў парослую лесам даліну і прыстаў да берага. Натоўп рынуў на бераг, і хутка лясныя далі і ўцёсы агаласіліся звонкім смехам і крыкам. Былі спрабаваны самыя рознастайныя спосабы, каб разгарачыцца і стаміцца. Нарэшце дзеці вярнуліся ў лагер з ладным апетытам, і тады пачалося знішчэнне смачных страў. А пасля гэтага ўсе паселі адпачыць і пагутарыць у цяньку шырокіх дубоў. Праз некаторы час нехта крыкнуў:

— Хто хоча ў пячору?

Усе захацелі ў пячору. Дасталі вязку ключоў і пачалі караскацца на гару. Уваход у пячору быў высока па схілу гары і формай сваёй нагадваў літару А. Тоўстая дубовая дзвер, што зачыняла ўваход у пячору, была не замкнутая.

Унутры была маленькая каморка, халодная, як леднік і абмураваная самой прыродай моцным вапняком, з якога,