Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/158

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

нага пікніка, што тая нарэшце згадзілася. Дзяўчынка не памятала сябе ад радасці. Том таксама быў на сёмым небе.

Яшчэ да захаду сонца ўсе запрашэнні былі разасланыя, і моладзь, хвалюючыся, рыхтавалася да свята, загадзя ўяўляючы сабе рэдкую прыемнасць. Том ад хвалявання даўно не мог заснуць і ўсё спадзяваўся, што Гэк вось-вось мяўкне пад акном, а на другі дзень ён здзівіць сваім багаццем Бэкі і ўсіх удзельнікаў пікніка. Але надзея яго не спраўдзілася: у гэтую ноч ён не чуў сігналу.

Прышла раніца, і а гадзіне адзінаццатай вясёлая шумная кампанія сабралася ў суддзі. Уся падрыхтоўка была ўжо скончаная. Старэйшыя заставаліся дома, не жадаючы перашкаджаць дзецям сваёй прысутнасцю. Лічылася, што дзецям нішто не будзе пагражаць пад наглядам некалькіх маладзенькіх паненак гадоў восемнаццаці і маладых людзей гадоў дваццаці. Для пераправы праз раку быў наняты стары паравы паром, і хутка ўся кампанія шумным натоўпам рушыла па вуліцы, нагружаная кашамі з прадуктамі. Сід быў хворы і вымушаны быў адмовіцца ад гэтага шчасця. Мэры засталася дома, каб яму не было нудна. Місіс Тэчэр на развітанне сказала Бэкі:

— Ты вернешся позна. Ці не лепш будзе табе пераначаваць у каго-небудзь з таварышак, якія жывуць бліжэй да парома?

— Тады я, мамка, пераначую ў Сюзі Гарпер.

— Добра, дзетка. Будзь-жа разумніца і трымай сябе добра!

Калі яны вышлі, Том сказаў Бэкі:

— Слухай, ведаеш, што мы зробім? Замест таго, каб ісці к Гарперам, мы ўзбярэмся на гару і пераначуем у ўдавы Дуглас. У яе будзе марожанае. У яе кожны дзень бывае марожанае і колькі! цэлая куча! і яна будзе нам вельмі рада. Вось будзе весела!

Бэкі падумала крыху і сказала:

— А што скажа мама?

— А адкуль яна даведаецца?