Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/157

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

вельмі ўжо страшна. Калі мы будзем вартаваць кожную ноч, то калі-небудзь павінны-ж будзем убачыць, як ён вышаў, і тады мы ў адзін момант схопім скрынку — і дадому!

— Добра, згодзен. Я гатоў пільнаваць хоць усю ноч да раніцы і кожную ноч, толькі рэшту ты ўжо вазьмі на сябе.

— Згодзен і я. Ты толькі прабяжы па нашай вуліцы і мяўкні. А калі я адразу не вылезу, ты кінь пяском у акно, і я прачнуся.

— Глядзі-ж, слова даражэй за грошы!

— Ну, Гек, цяпер навальніца прайшла, я пабягу дахаты. Цяпер ужо і да світання недалёка, — усяго якіх-небудзь дзве гадзіны. Ты там пакуль пасцеражы, — добра?

— Добра! Добра! Я цэлы год буду бадзяцца па начах каля гэтай карчмы. Удзень буду спаць, а ўначы пільнаваць.

— Гэта правільна. А дзе-ж ты будзеш спаць?

— У пуні ў Бена Роджэрса. Ён нічога, пускае мяне. І іхні негр, дзядзя Джэк, таксама не гоніць. Я цягаю ваду для Джэка, калі ён пасылае мяне; часам ён мне і пад’есці дасць, калі ў яго знойдзецца. Ён вельмі добры, Том. Ён мяне любіць, таму што я ніколі перад ім не задаюся, не задзіраю носа.

— Добра, Гек, я не буду турбаваць цябе ўдзень. Я пабуджу цябе толькі ў тым выпадку, калі ўжо вельмі, вельмі трэба будзе. А калі ты ўначы што заўважыш, зараз да мяне пад акно — і мяўкні…

Раздзел ХХVІІІ

Першае, што Том пачуў раніцою ў пятніцу, была радасная вестка: сям’я суддзі Тэчэра вярнулася ў горад. На некаторы час і метыс і скарб адступілі для Тома на другі план, і першае месца ў яго думках заняла Бэкі.

Яны сустрэліся і «страшэнна весела» правялі час, гуляючы ў розныя гульні з іншымі школьнікамі. Пад канец дня Том пачуў яшчэ адну прыемную навіну: Бэкі так прычапілася да маткі з просьбай вызначыць дзень даўно абяца-