Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/156

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ох, Гек, як страшна было! Я паспрабаваў два ключа, стараўся як мага цішэй, але яны так лязгалі, што я ледзь дыхаў ад жаху, і ніяк не хацелі паварочвацца ў замку. Раптам я, сам таго не заўважаючы, націскаў на ручку, — і дзверы адчыніліся. Яны былі не зачыненыя. Я ўскочыў, скінуў рушнік і…

— Што-ж? Што-ж ты ўбачыў, Том?

— Гек! Я ледзь было не трапіў на лапы індзейца Джо!

— Ды што ты?

— Ну, але. Ён ляжаў на падлозе і моцна спаў, раскінуўшы рукі, а на воку, як раней, пляйстар.

— Няўжо-ж? І што-ж ты зрабіў? Ён прачнуўся?

— Не, нават не паварухнуўся. П’яны мабыць. Я схапіў рушнік і бегчы!

— Вось ужо я-б у такі момант не ўспомніў пра рушнік.

— А я ўспомніў. Каб ён прапаў, дала-б мне цётка!

— Слухай, Том, а скрынку ты бачыў?

— Ну, чаго яшчэ! Быў мне час разглядаць! Нічога я не бачыў — ні скрынкі, ні крыжа, нічога, апрача бутэлькі і бляшанага кубка на падлозе каля індзейца Джо. І яшчэ бачыў у пакоі дзве бочачкі і шмат бутэлек. Цяпер ты разумееш, якія духі там водзяцца?

— Ну якія-ж?

— Ды гарэлкавы дух! Можа, ва ўстановах таварыства цвярозасці заўсёды ёсць такія пакоі, а? Як ты думаеш, Гек?

— Магчыма, што і так. Хто-б гэта мог падумаць? Слухай, Том, а цяпер-жа ж самы лепшы момант узяць скрынку, калі індзеец Джо ляжыць п’яны.

— Ну, што-ж? Ідзі, паспрабуй!..

Гек уздрыгануўся.

— Не, не хачу.

— І я не хачу, Гек. Адной бутэлькі каля індзейца Джо мала. Каб там было тры, тады яшчэ можа…

Некаторы час хлопчыкі маўчалі. Потым Том сказаў:

— Ведаеш што, Гек, не будзем і спрабаваць, пакуль даведаемся напэўна, што індзейца няма ў гэтым пакоі. А то