Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/154

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ну, калі ў цёмную ноч, дык я згодзен, паспрабую…

— Калі ноч будзе цёмная, дык і я пайду за ім, Гек. А то ён можа даведацца, што яму трэба, ды і ўцячэ разам з грашыма.

— Верна, Том, верна! Я пайду за ім, далібог, пайду!

— Вось гэта так! Вось добра! Ты толькі не дай хібы, Гек, а я ўжо не дам.

Раздзел ХХVІІ

Том і Гек пастанавілі паспрабаваць у той-жа, вечар. Да дзевяці гадзін яны бадзяліся каля карчмы. Адзін наглядаў за ўваходам, другі — за дзвярмі, што выходзілі ў закавулак. У закавулку ніхто не паказваўся; ніхто, падобны да іспанца, не ўваходзіў у карчму і не выходзіў адтуль.

Ноч была ясная, і Том пайшоў дадому, умовіўшыся з прыяцелем, што калі сцямнеецца, той прыдзе пад акно і мяўкнё, тады Том вылезе праз акно, і яны пойдуць прымяраць ключы. Але ноч была светлая, і пасля дванаццаці Гек пакінуў свой наглядальны пункт і залез спаць у пустую бочку з-пад цукру, якая служыла яму прытулкам уначы.

У аўторак хлопчыкам зноў не пашанцавала, у сераду — таксама. Але ў чацвер ноч абяцала быць цёмнай. Том загадзя выбраўся з дому з цётчыным старым бляшаным ліхтаром і вялікім рушніком, каб закрываць яго. Ліхтар ён схаваў у бочцы, дзе начаваў Гек, і абодва пачалі пільнаваць. За гадзіну да поўначы карчму зачынілі і пагасілі ў ёй агні. У іншых дамах святло даўно ўжо згасла. Словам, умовы складаліся спрыяючыя. Ноч была цёмная, хоць у вока калі. Цішыня часамі парушалася толькі грукатам далёкага грому.

Том дастаў свой ліхтар, запаліў яго, не вымаючы з бочкі, і нашы героі ў цемры падкраліся да карчмы.

Гек стаў на варце ля ўваходу, а Том вобмацкам пачаў прабірацца ў закавулак. Настала непрыемная цішыня, якая вельмі прыгнятала Гека. Ён ужо захацеў, каб перад ім у