Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/153

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Што ты! Вядома, не. Ды ў нашым гарадку гэтага і быць не можа: у нас-жа ж дамы без нумароў.

— Верна. Дай мне падумаць. Ведаеш? А можа гэта нумар пакоя ў карчме.

— Вось дык штука! Добра прыдумаў! У нас-жа ж толькі дзве карчмы, так што праверыць гэта не цяжка.

— Пачакай тут, Гек, пакуль я прыду.

І Том знік. Ён не любіў паказвацца людзям разаў з Гекам. Ён вярнуўся праз поўгадзіны.

У лепшай карчме, куды ён спачатку зайшоў, нумар другі даўно ўжо займаў адзін малады адвакат. У карчме горшай нумар другі быў нейкі таямнічы. Сын гаспадара расказаў яму, што гэты нумар увесь час зачынены, і ён ніколі не бачыў, каб туды хто-небудзь уваходзіў ці выходзіў адтуль, апрача як уначы. Ён не ведаў прычыны гэтай незвычайнасці і таму ўзяў сабе ў галаву, што ў другім нумары «не чыста». Паміж іншым, ён казаў, што ўчора ўначы бачыў там святло.

— Вось што я дазнаўся, Гек. Я ўпэўнены, што яны пра гэты самы другі нумар і казалі.

— Я сам гэта думаю, Том. Што-ж нам рабіць?

— Пачакай, дай падумаць. — Том доўга думаў, потым сказаў:

— Вось што трэба зрабіць. Заднія дзверы гэтага другога нумара тыя самыя, што выходзяць у маленькі закавулак між карчмой і старым напалову разбураным мураваным хлявом. Пастарайся здабыць як мага больш ключоў, а я сцягну ўсе цётчыны, і ў першую-ж цёмную ноч мы паспрабуем адчыніць гэтыя дзверы. І не забудзься высачыць індзейца Джо, калі ён з’явіцца ў горадзе, — памятаеш, ён казаў, што прыдзе паглядзець, ці зручны цяпер час для помсты. Як толькі ўбачыш яго, ідзі за ім, і калі ён не пойдзе ў нумар другі, значыцца мы не ўгадалі.

— Ах, ды як-жа ж я пайду за ім адзін? Я баюся.

— Ды гэта-ж уначы. Ён можа і не ўбачыць цябе, а калі і ўбачыць, нічога не падумае.