Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/152

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

рыдлёўку пад сухім дрэвам, грошы былі-б у нашых руках. Ці не прыкра гэта?

— Дык, значыцца, гэта быў не сон? Далібог, я гатоў шкадаваць, што гэта быў не сон, сапраўды!

— Які там яшчэ сон?

— Ды я пра гэта, пра ўчарашняе. Мне пачынала здавацца, што ўсё гэта я сніў.

— Сніў! Каб не абламалася пад ім лесвіца, ён-бы табе паказаў які гэта сон! А мне дык цэлую ноч сніўся гэты д’ябал іспанец, нібы ён ганяўся за мной каб ён здох!

— Нашто каб ён прапаў? Трэба, каб мы знайшлі яго і знайшлі грошы.

— Ніколі нам яго не знайсці. Такая ўдача не бывае па два разы. Не здолелі скарыстаць, ну, і прапала ўсё! І ты ведаеш, мяне проста трасе ад жаху, калі я падумаю, што магу з ім сустрэцца.

— І мяне таксама, Гек. А ўсё-такі я хацеў-бы яго ўбачыць і прасачыць, дзе гэта ў іх нумар другі.

— Нумар другі? Так, так. Я сам думаў аб гэтым, але нічога не мог прыдумаць. Як ты думаеш, што гэта можа быць такое?

— Не ведаю. Нешта вельмі ўжо цёмна. Слухай, Гек, — можа гэта нумар дома?