Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/150

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

да сходняў… Хлопчыкі ўспомнілі пра каморку, але не мелі сілы пасунуцца з месца. Ступенькі сходняў зарыпелі пад важкімі крокамі.

Надзвычайны жах абудзіў у хлапцоў рашучасць, і яны ўжо хацелі кінуцца ў каморку, як раптам пачуўся трэск зламаных дошак і індзеец Джо зваліўся на зямлю разам з рэшткамі зламанай лесвіцы. Крэкчучы і лаючыся, ён падняўся на ногі, а таварыш яго сказаў:

— Ну і чаго было туды лезці? Калі там хто-небудзь сядзіць, ну і няхай сабе сядзіць, — нам што да таго? Калі ён пажадае скакнуць уніз і забіцца на смерць, мы яму таксама не будзем перашкаджаць. Праз чвэрць гадзіны зусім сцямнее. Тады хай гоняцца за намі, калі хочуць, — я нічога не маю супроць. Я так думаю, што калі той, хто прынёс сюды рэчы, убачыў нас, то пэўна, палічыў нас за чарцей або за здані і цяпер, мусіць, уцякае з усіх ног.

Джо, бармочучы, згадзіўся з таварышом, што шукаць больш няма калі, а трэба скарыстаць рэшткі дзённага святла, каб сабрацца ў дарогу. Хутка пасля таго яны выслізнулі з дому пад аховай змроку і накіраваліся да ракі, уносячы з сабой каштоўную скрыню.

Том і Гек усталі, аслаблыя ад доўгага ляжання і страху, але з лёгкім сэрцам, і доўга глядзелі ім услед праз шчыліну між бярвенняў, якія складалі сцяну. Праследваць іх? Ну, не! Нашы героі рады былі, што шчасліва спусціліся на зямлю, не паламаўшы сабе шыі, і, перабраўшыся праз узгорак, пайшлі ў горад.

Яны гатовы былі ненавідзець сябе за сваю дурноту. І трэба-ж ім было прыцягнуць сюды матыку і рыдлёўку? Каб не было гэтых прыладаў, у індзейца Джо не з’явілася-б падазрэнне. Ён закапаў-бы зноў сваё срэбра і золата да таго часу пакуль яму трапіцца выпадак адпомсціць, а потым, вярнуўшыся, знайшоў-бы толькі пустое месца. Як крыўдна, што яны прыцягнулі сюды прылады!

Яны пастанавілі сачыць за іспанцам, калі той вернецца ў горад выведваць і вынюхваць зручны выпадак, каб вы-