Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/149

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Некалькі мінут бадзягі ў шчаслівым маўчанні глядзелі на знойдзенае багацце.

— Тут куча грошай, — заўважыў індзеец Джо, — некалькі тысяч далараў.

— Кажуць, у гэтых месцах некаторы час бадзялася банда Мэўрэля, — сказаў «другі».

— Я таксама гэта чуў. Мабыць яны гэта сюды і захавалі.

— Цяпер табе няварта і пачынаць тую справу.

Метыс нахмурыўся.

— Ты мяне не ведаеш, або, прынамсі, не ўсё ведаеш аб гэтай справе. Тут зусім не ў грабяжы справа, а ў помсце, — і вочы яго бліснулі злосцю. — А калі скончым з гэтым, тады і ў Тэхас! Ідзі сабе дахаты к сваёй Нэнсі і дзетвары і чакай вестак ад мяне.

— Добра, няхай будзе па-твойму. А з гэтым што мы зробім? Зноў закапаем?

— Так! — (Поўная радасць наверсе.) —Не, клянуся вялікім сахемам, не! — (Глыбокі сум наверсе.) — Я было і забыўся: на рыдлёўцы-ж была свежая зямля. — (У хлопчыкаў у ваччу пацямнела ад страху.) — Адкуль тут узяліся гэтыя матыка і рыдлёўка? Адкуль на іх свежая зямля? Хто прынёс іх сюды і куды дзеўся той, хто прынёс! Ты нікога не бачыў, не чуў? Як-жа ж зноў закапаць гэтыя грошы, каб хто-небудзь прышоў, убачыў, што зямля кранутая, і выкапаў іх? Ну не, ужо мы перанясем іх у маю бярлогу.

— Вядома, вядома! Я пра гэта не падумаў! У якую бярлогу? Нумар першы?

— Не, нумар другі, пад крыжам. Першая не падыходзіць, — надта кідаецца ў вочы.

— Добра. Цяпер ужо сцямнелася, можна ісці.

Індзеец Джо падняўся на ногі і хадзіў ад акна да акна, асцярожна прыглядаючыся навакол, потым сказаў:

— Хто мог прынесці сюды гэтыя інструманты? Ты не думаеш, што там наверсе, можа, хто-небудзь сядзіць?

У хлопчыкаў захапіла духі… Індзеец Джо палажыў руку на нож, хвіліну пастаяў у нерашучасці і потым накіраваўся