Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/148

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

другі бок пакоя, апусціўся на калены; потым прыпадняў адну заднюю цэглу камінка і выцягнуў адтуль мяшок, у якім прыемна бразнула срэбра. Ён выняў адтуль дваццаць ці трыццаць далараў для сябе і столькі сама для метыса і перадаў яму мяшок; Джо стаяў на каленах у куце і капаў зямлю сваім вялікім нажом.

Хлопчыкі адразу забыліся на свой страх і нягоды. Яны прагнымі вачыма сачылі за кожным рухам бандытаў. Такога багацця яны і ўявіць сабе не маглі. Шэсцьсот далараў! Гэтага досыць, каб ўзбагаціць поўтузіны хлопчыкаў! Скарб сам даваўся ў рукі, цяпер ўжо не трэба будзе задумвацца над тым, дзе капаць. Яны кожную хвіліну штурхалі адзін аднаго локцем, і кожны разумеў, што гэтыя красамоўныя штуршкі азначалі пытанне: «Ага! цяпер ты здаволены, што мы забраліся сюды»?

Нож метыса стукнуўся аб нешта цвёрдае.

— Эге! — сказаў ён.

— Што там такое? — спытаўся таварыш.

— Гнілая дошка… Не, здаецца, скрынка. Ідзі сюды, памажы выцягнуць! Паглядзім, што там такое. Пачакай, не трэба, — я прабіў дзірку.

Ён сунуў руку ў скрынку і зараз-жа выцягнуў яё назад.

— Слухай, ды тамака грошы!

Абодвы нахіліліся над жменяй манет. Гэта было золата. Хлопчыкі наверсе былі не ў меншым захапленні, як самі бадзягі.

— Трэба хутчэй выкапаць скрынку, — сказаў таварыш метыса. — Я надоечы бачыў там у куце, у траве, за комінкам старую зайржавелую матыку. Я зараз прынясу.

Ён пабег і прынёс рыдлёўку і матыку, пакінутыя хлопчыкамі. Метыс узяў матыку, крытычна аглядзеў яе, паківаў галавой, нешта прамармытаў сам сабе і пачаў капаць зямлю.

Хутка ён выцягнуў скрынку. Скрынка была невялікая, акованая жалезам, відаць, калісьці была вельмі моцная, пакуль не папсаваў яе час.