Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/146

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

там расказваў таварышу. Абодва селі на зямлю, тварам да дзвярэй, і працягвалі гутарку. Хутка пачуліся словы:

— Не, я ўсё абмеркаваў, і мне гэта не падабаецца. Гэта справа небяспечная.

— Небяспечная! — прабурчэў «глуханямы», незвычайна здзівіўшы хлопчыкаў. — Эх ты, размазня!

Пачуўшы гэты голас, хлопчыкі ледзь не самлелі ад жаху: то быў голас індзейца Джо. Абодва памаўчалі, потым Джо сказаў:

— Ужо-ж якое небяспечнае было тое, другое, але-ж сышло з рук.

— То іншая рэч. Тое далёка адсюль уверх па рацэ, і ніякага іншага жылля няма паблізу.

— А сюды прыйсці ўдзень як рызыкоўна, і варта толькі зірнуць на нас, каб з’явілася падазрэнне.

— Я ведаю. Але-ж пад рукой не было іншага месца, дзе можна было-б схавацца пасля гэтай дурной справы. Мне, наогул, няма ахвоты заставацца тут. Я яшчэ ўчора хацеў выбрацца, але нельга было і думаць выйсці незаўважаным, пакуль гэтыя праклятыя хлапчукі гулялі там на ўзгорку насупраць, ля самага дома.

У «праклятых хлапчукоў» аж дрыжыкі пайшлі па спіне ад гэтых слоў. Якое шчасце, што яны пабаяліся пачынаць справу ў пятніцу і парашылі дзянёк пачакаць! У глыбіні душы яны шкадавалі, што не адклалі сваёй выдумкі на цэлы год. Бандыты дасталі прадукты і пачалі закусваць. Пасля доўгага раздум’я індзеец Джо сказаў:

— Слухай, малы, ідзі ты назад да ракі — там табе самае месца — і чакай вестак ад мяне. А я выберу момант і яшчэ раз зайду ў гарадок паглядзець. Трэба спачатку добра выведаць і ўпэўніцца, што ўмовы склаліся спрыяльныя, і тады толькі пачынаць небяспечную справу. А потым у Тэхас!

«Другі» застаўся гэтым задаволены. Потым абодва пачалі пазяхаць, і метыс сказаў:

— Надта спаць хочацца! Цяпер твая чарга вартаваць.

Ён скруціўся на траве і хутка захроп. Таварыш штурха-