Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/145

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Яны набраліся смеласці і ціханька ўвайшлі. Яны гаварылі паміж сабой толькі шэптам, сэрцы іх моцна стукалі, усе мускулы цела былі напружаны, вуха чутка лавіла кожны шолах, — пры першым гуку яны гатовы былі кінуцца назад. Але патрохі яны прызвычаіліся да ўсяго гэтага, і страх іх прайшоў.

Яны з цікавасцю аглядалі дом, дзівячыся сваёй-жа смеласці і ў той-жа час адчуваючы ад гэтага гордасць. Потым ім захацелася паглядзець і наверсе. Яны кінулі свае інструманты ў кут і падняліся па сходах наверх. І там было таксама запушчана. У адным кутку яны знайшлі камору, якая абяцала таямнічую знаходку, але надзеі не спраўдзіліся: камора была пустая. Цяпер яны зусім асмеліліся і трымалі сябе вольна. Яны ўжо хацелі спусціцца ўніз і пачаць работу, як раптам…

— Тсс! — прасіпеў Том.

— Што такое? — шапнуў збялеўшы ад страху Гек.

— Тсс! Ты чуеш?

— Але. Ой-ой-ой! Уцякайма!

— Куды там уцякаць? Сядзі ціха і не рыпайся. Яны падыходзяць да дзвярэй.

Хлопчыкі расцягнуліся на падлозе, стараючыся разглядзець што-небудзь праз шчыліны, і ляжалі так, заміраючы ад страху.

— Вось спыніліся… не… зноў ідуць… Прышлі. Ды не шапчы ты, Гек, — пачуюць! Ох, і навошта толькі я пайшоў сюды!

Увайшлі двое. Адзіны з іх быў глуханямы стары, іспанец, які за апошні час з’яўляўся ў гарадку, другога хлопчыкі не ведалі.

«Другі» быў бруднае, абадранае стварэнне з непрыемным тварам. Іспанец быў захутаны ў шырокі плашч; у яго былі касматыя, сівыя бакенбарды; з-пад яго шырокага брыля спускаліся доўгія, кучаравыя сівыя валасы; на вачах былі зялёныя акуляры. Калі яны ўвайшлі, другі нешта шэп-