Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/144

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Яны да вечара гулялі ў Робіна Гуда, час ад часу прагна пазіраючы на дом са зданямі і абменьваючыся заўвагамі наконт таго, што іх чакае заўтра. Калі сонца пачало спускацца на захад, яны пайшлі дадому, перасякаючы даўгія цені дрэў, і хутка зніклі ў лесе.

У суботу пасля поўдня, хлопчыкі зноў былі каля сухога дрэва. Яны пакурылі і пагутарылі, лежачы ў цяньку, потым пакапаліся крыху ў выкапанай ужо яміне без асаблівай надзеі на поспех, таму толькі, што, як запэўняў Том, часта людзі трацілі надзею дакапацца да скарба ў той момант, калі да яго заставалася не больш як шэсць цаляў, а потым прыходзіў хто-небудзь іншы і адным ударам рыдлёўкі знаходзіў скарб. Але і на гэты раз іхняя праца была дарэмная, і хлопчыкі з інструмантамі на плячах пайшлі далей. Яны суцяшалі сябе хоць тым, што не жартавалі з лёсам, а добрасумленна выконвалі ўсё, што належыць, каб знайсці скарб.

І вось, нарэшце, яны прышлі да «нячыстага» дома. Мёртвая ціша, якая панавала тут у гэты гарачы поўдзень, здалася ім злавеснай і жудаснай. Яны падкраліся да дзвярэй і, трасучыся ад страху, глянулі ў сярэдзіну. Яны ўбачылі пакой, дзе заместа падлогі расла трава, убачылі вокны без шкла, разбураную лесвіцу; усюды лахманамі вісела старое павуцінне.