Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/143

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Хіба я кажу, што я першы? Ды і не ў адной пятніцы тут справа. Мне сёння сніўся вельмі дрэнны сон; сніліся пацукі.

— Ну?! гэта вельмі дрэнны сон. Калі пацукі, дык абавязкова на бяду. Што-ж, яны біліся паміж сабой?

— Не.

— Ну, тады яшчэ нішто. Калі пацукі не б’юцца паміж сабой, гэта азначае толькі, што бяда недалёка. Трэба толькі быць пільным, каб не папасціся. Пакінем мы гэта на сёнешні дзень і давай лепш гуляць. Ты ведаеш, Гек, Робіна Гуда?

— Не. А хто такі Робін Гуд?

— Ён быў адным з самых выдатных людзей у Англіі і вельмі добры чалавек. Робін Гуд быў разбойнік.

— Во як! Кабы ды мне так! Каго-ж ён рабаваў?

— Толькі багатых людзей. А бедных ніколі не крыўдзіў. Бедных ён любіў і заўсёды дзяліўся з імі.

— Відаць, і добры-ж ён быў.

— Ды ўжо-ж! Другога такога і на свеце не было. Цяпер такіх людзей зусім няма, ужо можаш мне даць веры. Ён мог адной рукой пабіць кожнага ў Англіі, нават калі другая яго рука была прывязаная за спіной. А з свайго лука ён мог за мілю трапіць у дзесяціцэнтавую манету. І калі ён трапляў толькі ў край манеты, то ўжо так сумаваў, што сядаў і плакаў. Дык вось, мы будзем гуляць у Робіна Гуда. Гэта вельмі добрая гульня. Я цябе навучу.

— Добра, згодзен.