Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/142

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ну, Том, калі ты дзе ўбачыш сіні агеньчык, то ўжо можаш ісці ў заклад, што тутака і здань недалёка. Ты сам падумай: ты-ж ведаеш, што, апрача зданяў, ніхто не запальвае сініх агнёў.

— Гэта праўда, але ўсё-ж такі яны ўдзень не ходзяць. Дык што-ж іх баяцца?

— Ну добра ўжо, калі табе гэтак хочацца, пойдзем, пакапаем там; — толькі ўсё-ж такі гэта рызыкоўна.

Хлопчыкі спусціліся са ўзгорка. Унізе, пасярод асвятлёнай месяцам даліны, адзінока стаяў зачарованы дом; плот вакол яго даўно паваліўся; ганак зарос пустазеллем; комін разбурыўся; у вокнах не было шкла; адзін рог страхі таксама праваліўся ўнутр. Хлопчыкі доўга глядзелі, чакаючы, што вось-вось у акне мільгане сіні агеньчык, і гутарылі паміж сабой шэптам. Потым завярнуліся направа, зрабілі вялікі круг, каб не праходзіць каля страшнага дома, і вярнуліся дахаты праз лес, які рос на другім баку ўзгорка.

Раздзел ХХV

На другі дзень, каля поўдня, хлопчыкі зноў прышлі да сухога дрэва па свае інструманты. Тому хацелася хутчэй трапіць у дом са зданямі, але Гек не надта спяшаўся.

— Слухай, Том, — пачаў ён — ты ведаеш, які сёння дзень?

Том пералічыў дні тыдня і са здзіўленнем глянуў на таварыша.

— Ой-ой-ой! А я і забыўся!

— Я таксама не думаў аб гэтым і толькі цяпер успомніў, што сёння ў нас пятніца.

— Ах, каб цябе! Вось як трэба быць асцярожным… Мы маглі-б трапіць у страшэнную бяду, зрабіўшы такую справу ў пятніцу.

— Маглі-б? Скажы лепш: абавязкова трапілі-б! Можа і ёсць шчаслівыя дні, але ні ў якім разе не пятніца.

— Гэта кожны дурань ведае. Не ты першы вынайшоў гэта, Гек.