Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/140

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Надзея іх акрыляла; яны працавалі ўсё з большай цікавасцю, а таму і з большай стараннасцю. Яма рабілася ўсё глыбейшай, і, калі рыдлёўка аб што-небудзь стукалася, у іх млела сэрца. Але кожны раз іх чакала расчараванне: выяўлялася, што рыдлёўка, стукалася аб корань ці камень. Нарэшце Том сказаў:

— Бескарысна працягваць, Гек, — мы зноў не на тым месцы капаем.

— Як не на тым? Мы не маглі памыліцца. Мы пачалі капаць акурат там, куды лёг цень.

— Я ведаю, але не ў гэтым справа.

— А ў чым-жа?

— А ў тым, што ў нас няма гадзінніка, і мы прыблізна ўгадваем час. Можа тады было зарана або запозна?

Гек выпусціў рыдлёўку.

— Гэта праўда… У тым, відаць, і штука. Ну, значыцца, гэтую справу прыдзецца пакінуць. Бо мы ўсёроўна не можам дакладна азначыць час. І потым, гэта вельмі ўжо страшна, калі навакол кішаць вядзьмаркі і здані. Мне ўвесь час здаецца, што нехта стаіць у мяне за спіной, і я баюся абярнуцца, бо можа хто другі стаіць спераду і чакае, пакуль я адвярнуся. У мяне ўвесь час дрыжыкі ідуць па целе.

— І мне жудасна, Гек, і я тое самае адчуваю. Кажуць, калі закопваюць пад дрэвам скарб, то побач кладуць мерцвяка, каб той пільнаваў яго.

— Барані божа!

— Ну але, кладуць, — я столькі разоў чуў.

— Не, ведаеш, Том, неахвотна мне хадзіць каля мерцвякоў. З імі заўсёды трапіш у бяду.

— Мне таксама неахвотна будзіць іх, Гек. А што, калі той, які тут ляжыць, раптам высуне свой чэрап і крыкне?

— Ды ну цябе, Том, замаўчы! Якія жахі!

— Ды гэта-ж праўда, Гек, — мяне такі жах бярэ!..

— Слухай, Том, пойдзем адсюль, пакуль не позна. Паспрабуем шчасця ў другім месцы.

— Што-ж, пойдзем. Можа яно лепш будзе.