Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/139

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Я думаю, ці не паспрабаваць пад старым дрэвам, што за домам удавы?

— Я таксама думаю, што гэта месца падыходзіць. А толькі, як ты думаеш, Том, ці не адбярэ ўдава ад нас скарб? Гэта-ж яе зямля.

— Адабраць ад нас скарб? Няхай паспрабуе! Не, скарб ужо такая справа: хто яго знайшоў, таму ён і належыць. А на чыёй зямлі знойдзены — усёроўна?

Гек супакоіўся. Яны зноў пачалі капаць, але хутка Гек сказаў:

— Не, мабыць, мы зноў не на тым месцы капаем. Ты як думаеш?

— Гэта дзіўна, Гек, надзвычайна дзіўна, — я нават не разумею. Можа нам вядзьмаркі перашкаджаюць? Часам гэта бывае.

— Ну, вось яшчэ! Вядзьмаркі ўдзень нічога не могуць, удзень ім ніякай сілы не дадзена.

— Так, верна! Я на гэта не падумаў. О, цяпер я разумею, у чым справа! Вось дурні мы з табою! Нам-жа ж спачатку трэба было знайсці тое месца, куды цень ад сука кладзецца ў поўнач, і там капаць.

— Ах ты, каб цябе! Значыцца, мы ўвесь гэты час дарма працавалі! А цяпер прыдзецца сюды яшчэ раз прыйсці ўначы. Надта далёка… Табе можна будзе выбрацца з дому?

— Ужо я выберуся. І потым, гэта абавязкова трэба зрабіць сёння ўначы, а то, калі хто ўбачыць нашы ямкі, дык адразу здагадаецца, што тут рабілася, і сам выкапае скарб.

— Ну, што-ж! Я зноў прыду да цябе пад акно і мяўкну.

— Добра! Давай схаваем інструманты ў кустах.

Перад поўначчу хлопчыкі вярнуліся назад і пачалі чакаць. Месца было глухое, час позні. Здалёк глуха данёсся сабачы брэх, сава адгукнулася на яго сваім злавесным крыкам. Ночная ціша прыгнятала хлопчыкаў, і яны мала гаварылі між сабой.

Нарэшце яны парашылі, што поўнач надышла, заўважылі, куды кладзецца слабы цень, і пачалі там капаць.