Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/138

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Будзь спакойны, усё ачысціць. А ты што зробіш са сваёй доляй, Том?

— Я куплю новы барабан, надзейную шаблю, чырвоны гальштук, бульдога-шчаня і ажанюся.

— Жэнішся?

— Ну але.

— Том, ты… ты… не ў сваім розуме!

— Пачакай, вось убачыш.

— Ды гэта-ж недарэчнасць, Том! Нічога дурнейшага ты не мог выдумаць. Вазьмі майго бацьку і маю маці, — яны-ж біліся з рання да вечара. Я добра гэта памятаю.

— Гэта нічога не значыць: тая, з якой я ажанюся, біцца не будзе.

— А па-мойму, яны ўсе аднолькавыя. Не, Том, ты толькі падумай добра, я табе праўду кажу — падумай. Як завуць дзеўчанё?

— Яна зусім не дзеўчанё, яна дзяўчынка.

— Ну, гэта ўсёроўна. Адны кажуць дзяўчынка, другія — дзеўчанё; хто як хоча, так і гаворыць. Ды па імю як яе зваць?

— Калі-небудзь скажу табе, а цяпер не.

— Добра, як хочаш. Толькі калі ты ажэнішся, я буду яшчэ больш адзінокі, як цяпер.

— Не, Гек, ты будзеш жыць разам з намі. Ну, хопіць вылежвацца хадзем капаць.

Яны капалі з поўгадзіны, нават спацелі, але нічога не знайшлі; папрацавалі яшчэ з поўгадзіны — і зноў без вынікаў. Нарэшце Гек сказаў:

— Няўжо скарбы заўсёды закопваюць так глыбока?

— Часам закопваюць, — але не ўсе і не заўсёды. Мы, мабыць, не там капаем.

Яны выбралі другое месца і зноў узяліся капаць. Цяпер работа пайшла не так хутка, але ўсё-ж такі рухалася наперад. Потым Гек спыніўся, абаперся на рыдлёўку, выцер рукавом з ілба буйныя каплі поту і сказаў:

— Дзе мы потым будзем капаць, калі скончым тут?