Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/137

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ну, Том! Гэта-ж зойме ўсё лета.

— Дык што-ж? А затое ўяві сабе, што мы знойдзем медны гаршок і ў ім сотню долараў, або пагрызены чарвякамі куфар, поўны брыльянтаў. Што ты тады скажаш?

У Гека загарэліся вочы.

— Вось было-б добра! Ты мне дай тады сотню долараў, а брыльянты бяры сабе, — мне іх не трэба,

— Добра! Ужо-ж я брыльянтаў не кіну, можаш быці, упэўнены. Некаторыя з іх каштуюць па дваццаць долараў штука, і няма ніводнага, які не каштаваў-бы долара.

— Няўжо?..

— Вядома. Гэта табе кожны скажа. Ці-ж, ты ніколі не бачыў брыльянтаў, Гек?

— Колькі памятаю, не. А дзе-ж мы пачнем капаць?

— Ужо і не ведаю. Ці не пачаць з таго старога сукаватага дрэва, што на другім баку ручая?

— Добра.

Яны дасталі пагнутую матыку і рыдлёўку і выправіліся ў паход.

Да месца трэба было ісці тры мілі. Прышлі яны чырвоныя, запыхаўшыся, і ляглі пад бліжэйшым вязам адпачыць у цяньку і пакурыць.

— Мне гэта спадабаецца, — сказаў Том.

— І мне таксама.

— Слухай, Гек: калі мы знойдзем тут багацці, што ты зробіш са сваёй палавінай?

— Я? Я буду кожны дзень есці пранікі і піць содавую ваду, а калі прыедзе цырк, буду кожны дзень хадзіць у цырк. Ужо-ж я здолею весела пражыць!

— Няўжо-ж ты нічога не адкладзеш на запас?

— Адкладваць? Навошта?

— Як навошта? Каб потым было чым жыць.

— О, гэта бескарысна! Калі я не паспяшаюся патраціць гэтыя грошы, у адзін добры дзень вернецца мой бацька і наложыць на іх сваю лапу. А ўжо пасля яго не пажывішся.