Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/135

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Удзень, слухаючы шчырую падзяку Потэра, Том быў рады, што выдаў тайну; уначы-ж ён шкадаваў, што не здолеў трымаць язык за зубамі. Ён то баяўся, што індзейца Джо ніколі не зловяць, то баяўся, што яго зловяць. Ён быў упэўнены, што ўздыхне вольна толькі тады, калі ўбачыць сваімі вачыма гэтага чалавека мёртвым.

Ператрэслі ўсю акругу, вызначылі прэмію таму, хто знойдзе метыса, але нічога не знайшлі. З Сент-Луі выпісалі ўсё ведаючага выведніка. Той пашукаў, панюхаў, паківаў галавой і дасягнуў такога-ж выдатнага поспеху, як звычайна кожны з яго прафесіі, а іменна, — з хітрай мінай ён абвясціў, што «натрапіў на след». Але-ж «след» павесіць за забойства нельга, і таму пасля ад’езду агента Том, як і раней, адчуваў страшэнную небяспеку.

Дні цягнуліся марудна, але ўсё-ж такі час ішоў, і з кожным днём цяжар трывогі, які прыгнятаў Тома, паступова палягчаўся.

Раздзел ХХІV

У жыцці кожнага нармальнага хлопчыка надыходзіць час, калі ён адчувае непераможнае жаданне капаць зямлю і шукаць схаваныя ў ёй скарбы. Гэтае жаданне ў адзін трывожны дзень з’явілася і ў Тома.

Ён пайшоў шукаць Джо Гарпера, але не знайшоў яго. Тады ён знайшоў Бэна Роджэрса, але той вудзіў рыбу. Нарэшце ён натрапіў на Гека Фіна. Гек — вось самы адпаведны таварыш! Том павёў яго ў такое месца, дзе ніхто не мог-бы іх падслухаць, і там адкрыў яму свае планы. Гек згадзіўся. Гек заўсёды быў згодзен прыняць удзел у кожнай справе, якая абяцала забаву і не патрабавала выдаткаў, бо часу ў яго было так многа, што ён нават не ведаў, куды яго дзець, і ні ў якім разе не мог сказаць, што яго час — гэта грошы.