Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/134

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

А цяпер, мой дарагі, раскажыце нам ўсё, што вы бачылі, — усё як было, без тойкі, — і не бойцеся нічога.

Том пачаў, спярша нерашуча, потым паступова захапіўся; прамова яго палілася жывей і гладзей; хутка ў зале суда чуўся толькі адзін яго голас; публіка з разяўленымі ратамі, затоіўшы дыханне, лавіла кожнае яго слова, не заўважаючы часу, — так была яна захоплена і ўзрушана гэтым апавяданнем. Агульнае хваляванне дасягнула вышэйшай ступені, калі Том дайшоў да сцэны забойства: «А калі доктар стукнуў Мефа Потэра дошкай па галаве і той упаў, — індзеец Джо кінуўся на яго з нажом і…»

Трах! Хутчэй за маланку метыс кінуўся да акна, расштурхаў тых, хто хацеў-быў затрымаць яго, — і знік!

Раздзел ХХІІI

Том яшчэ раз зрабіўся славутым героем, якога песцілі дарослыя і якому зайздросцілі маладыя. Ён нават набыў сабе бяссмертнасць: яго імя трапіла ў друк, — мясцовая газета праслаўляла яго. Былі людзі, якія лічылі, што ён абавязкова будзе прэзідэнтам, калі толькі яго раней не павесяць.

Усе лагодзілі Мефу Потэру і горача віталі, што ён выратаваўся ад пятлі.

Удзень Тома акружалі ўвага і слава, але затое ўначы ён мучыўся ад страху. Ён заўсёды бачыў ува сне індзейца Джо з помстай у поглядзе. Ніякія спакусы не маглі выцягнуць хлопчыка з дому пасля заходу сонца. Няшчасны Гек быў у такім-жа самым становішчы, бо Том увечары напярэдадні апошняга дня суда расказаў усю гісторыю адвакату, і Гек страшэнна баяўся, каб яго дачыненне да гэтай справы не выявілася, хоць пасля таго, як метыс уцёк, Геку і не трэба было даваць паказанні ў судзе. Праўда, адвакат даў слова маўчаць, але што з таго? Пасля таго як сумленне прыгнала Тома ўначы ў дом адваката і прымусіла парушыць страшную клятву, Гек страціў давер’е да ўсяго чалавецтва.