Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/133

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Прывядзіце Тома Соўэра.

На ўсіх тварах, не выключаючы самога Потэра, з’явілася здзіўленне. Усе погляды з цікавасцю накіраваліся на Тома. У хлопчыка быў зусім збянтэжаны выгляд. Ён страшэнна баяўся. Яго прывялі да прысягі.

— Томас Соўэр, дзе вы былі семнаццатага чэрвеня, каля гадзіны ночы?

Том паглядзеў на жалезны твар індзейца Джо, і ў яго язык прыліпнуў у роце. Слухачы затаілі дыханне, але сведка маўчаў. Праз некалькі хвілін хлопчык трохі авалодаў сабой, — і ўсе пачулі яго ціхі, але выразны адказ:

— На могілках.

— Калі ласка, гаварыце крыху мацней. Не бойцеся. Такім чынам, вы былі…

— На могілках.

Пагардлівая ўсмешка мільганула на твары індзейца.

— Ці не былі вы блізка каля магілы Горса Вільямса?

— Так, сэр.

— Калі ласка, мацней. На якой адлегласці ад яе вы былі?

— За два крокі, як цяпер вы ад мяне.

— Вы схаваліся ці стаялі на вачах?

— Схаваўся.

— Дзе?

— За вязамі, што каля магілы.

Індзеец Джо ледзь значна ўздрыгнуўся.

— З вамі быў яшчэ хто-небудзь?

— Так, сэр, я пайшоў туды з…

— Стойце, пачакайце крыху. Няма патрэбы называць зараз вашага спадарожніка. У свой час мы дапытаем і яго. Вы што-небудзь прынеслі з сабой на могілкі?

Том засароміўся і не ведаў як адказаць.

— Кажыце, не бойцеся, — праўда заўсёды паважаная.

— Толькі… толькі здохлую кошку.

У зале пачуўся смех. Старшыня пазваніў.

— Мы прадставім, як доказ, шкілет гэтай кошкі.