Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/132

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

выкліканы сведка, які бачыў, як Меф Потэр мыўся ў рэчцы раніцою таго дня, калі было выяўлена забойства. Ён сказаў, што Меф Потэр, убачыўшы яго, кінуўся бегчы. Задаўшы яшчэ некалькі пытанняў, пракурор сказаў абаронцы:

— Цяпер ваша чарга.

Падсудны падняў на яго вочы, але зараз-жа зноў апусціў, калі яго абаронца сказаў:

— Мне няма аб чым пытацца.

Наступны сведка паказаў, што ён знайшоў нож каля забітага. І зноў на пытанне пракурора абаронца адказаў:

— Я не маю ніякіх пытанняў.

Трэці сведка прысягнуў, што часта бачыў гэты нож ў руках у Потэра. І зноў абаронца адмовіўся задаваць яму пытанні.

На тварах у прысутных выявілася нездавальненне. Што-ж гэта за абаронца такі? Няўжо-ж ён так і не паспрабуе выратаваць свайго кліента?

Некалькі сведак паказалі, што Потэр, калі яго прывялі на месца забойства, трымаў сябе, як вінаваты. І гэтых адвакат адпусціў, не задаўшы ніводнага пытання.

Пракурор падняўся з месца і сказаў:

— Зусім надзейныя сведкі ўстанавілі пад прысягай той факт, што гэта жудаснае злачынства зрабіў не іншы хто, а няшчасны, што сядзіць на лаве падсудных. Больш мне няма чаго дадаць.

Бедны Потэр застагнаў і закрыў твар рукамі, ціха хістаючыся ўзад і ўперад. У зале суда была цяжкая цішыня. Многія мужчыны расчуліліся, а жанчыны нават плакалі ад жалю.

Тады падняўся абаронца.

— Ад пачатку паседжання я стараўся даказаць, што мой кліент зрабіў гэтае жудаснае злачынства ў непрытомным стане, выкліканым ап’яненнем. Але цяпер я змяніў сваю думку і не буду звяртацца да ласкі прысяжных.

І павярнуўшыся да судовага прыстава, ён сказаў: