Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/126

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

пагарджаючы ўладай, якую ўзяў над іх страшнай сілай Франклін[1]. Нават буйныя вятры аднадушна пастанавілі пакінуць свае тайныя сховы і бушавалі, нібы для таго, каб надаць яшчэ больш жудасці дзікай сцэне. У гэтую гадзіну цемры і жаху дух мой прагнуў чалавечага спачування, але замест таго да мяне з’яўлялася яна — мой лепшы прыяцель, мой усцяшальнік, дарадца і кіраўнік, мая радасць у горы і благаславенне ў радасці» і г. д. і г. д.

Увесь твор займаў дзесяць старонак і канчаўся незвычайна суровай пропаведдзю. Ён быў прызнаны дасканалым, і яму была прысуджана першая ўзнагарода. Гарадскі галава, выдаючы аўтару ўзнагароду, зрабіў цёплую прамову, што «ніколі не чуў нічога больш красамоўнага».

Настаўнік зусім развесяліўся. Адсунуўшы крэсла і павярнуўшыся спіной да аўдыторыі, ён пачаў рысаваць на дошцы карту Амерыкі, каб потым пераэкзаменаваць вучняў па геаграфіі. Але рука дрэнна слухалася яго, і па класе пранеслася стрыманае хіхіканне. Ён ведаў, у чым справа, і стараўся паправіцца. Ён сціраў нарысаванае і чарціў зноў, але выходзіла яшчэ горш, і хіхіканне чулася яшчэ больш.

Ён накіраваў усю сваю ўвагу на работу, каб спыніць гэты непрыемны смех. Ён адчуваў, што ўсё вочы накірованы на яго, і думаў, што справа наладжваецца, але смех у класе не сцішаўся а, наадварот, узмацняўся. І не дзіва!..

Акурат над галавой настаўніка была адтуліна ў столі — люк, і праз гэты люк ціха спускалася на вяроўцы кошка, перавязаная вяроўкай вакол тулава, прычым галава яе была туга абвязана трапкай, каб яна не мяўкала. Павольна спускаючыся, яна выгіналася ўсім целам і цягнулася ўверх, каб злавіць кіпцюрамі вяроўку, але лавіла толькі паветра. Хіхіканне рабілася ўсё гучнейшым. Кошка была ўжо на санты-

  1. Вен'ямін Франклін — вядомы амерыканскі вучоны, які жыў у XVIII ст. Ён рабіў вопыты над мала вядомай тады электрычнасцю і вынайшоў громаадвод.