Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/124

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

маленькіх хлопчыкаў, умытых, святочна ўбраных і адчуваючых сябе вельмі няёмка ў парадных касцюмах; шэрагі нязграбных хлопчыкаў-падлеткаў; нарэшце, шэрагі дзяўчынак і дарослых дзяўчат, убраных у батыст і муслін і, відаць, ні на хвіліну не забываўшых пра свае голыя рукі, з надзетымі на іх бабкавымі бразгалкамі, і пра ружовыя і блакітныя банты ды кветкі на галаве. Далей ужо сядзелі школьнікі, якія не прымалі ўдзелу ў іспытах.

Пачалося з таго, што малюсенькі хлопчык устаў і нясмела прадэклямаваў: «Наўрад ці вы маглі чакаць, каб: крошка-хлопчык мог сказаць», суправаджаючы дэклямацыю ненатуральнымі, недарэчнымі рухамі, нібы машына, у якой нешта папсавалася. Але тым не менш ён шчасліва дабраўся да канца, быў узнагароджаны апладысментамі, аддаў вывучаны паклон і пайшоў на сваё месца.

Вышла маленькая засаромленая дзяўчынка, прамармытала: «У Мэры было ягнё», зрабіла нязграбны кніксен і пад плясканне публікі, чырвоная і шчаслівая, села на сваё месца.

Потым са штучнай вольнасцю на эстраду вышаў Том Соўэр і пачаў дэклямаваць старое, але неўміручае: «Дайце мне волю або забіце мяне!», люта падвышаючы голас і махаючы рукамі; але, дайшоўшы да палавіны, ён запнуўся. Жах ахапіў яго, ногі падкасіліся, у горле нешта душыла, ён не мог вымавіць ні слова. Праўда, слухачы, відаць, спачувалі яму, але яны маўчалі, і гэтая маўчанка прыгнятала Тома больш яшчэ, чымся іхняе спачуванне. Настаўнік нахмурыўся, і гэта зусім даканала хлопчыка. Ён напнуўся яшчэ крыху і, зусім збянтэжаны, сышоў з эстрады. Былі спробы падтрымаць яго апладысментамі, але вельмі слабыя.

Далей ішло: «Хлопчык стаяў на палаючай палубе», — «Асірыйцы ішлі, як на статак ваўкі» і іншыя ўзорныя ўрыўкі для галоснага чытання. Потым юныя лэдзі асабіста чыталі свае ўласныя творы. Кожная па чарзе выходзіла на край эстрады, прачышчала горла, вымала рукапіс, перавя-