Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/123

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

нейка цяпер рэдка ляжалі без работы, прынамсі ў малодшых класах. Толькі вялікія хлопцы ды маладыя дзяўчаты гадоў восемнаццаць-дваццаць былі вызвалены ад кар. А містэр Добінс караў добрасумленна; ён хоць і хаваў пад парыком лысы бліскучы чэрап, але гадоў меў не так уже многа і мускулы ў яго былі здаровыя.

Чым больш набліжаўся вялікі дзень, тым больш выяўлялася схаваная ў ім жорсткасць і ўхіл да катавання: здавалася, яму прыемна было караць за самыя нязначныя правіны. Няшчасныя малышы ўдзень цярпелі страх і боль, а ўначы абмяркоўвалі планы помсты. Яны скарыстоўвалі кожны выпадак, каб учыніць штуку свайму настаўніку. Але дзе-ж ім было цягацца з ім? За кожнай такой штукай ішла такая страшная кара, што хлопчыкі заўсёды аставаліся пабітымі і асаромленымі ў гэтай барацьбе.

Нарэшце яны арганізавалі змову і прыдумалі план помсты, які абяцаў бліскучую перамогу. Яны даверылі сваю тайну сыну маляра, які маляваў шыльды, і ўгаварылі яго памагаць ім. Той прышоў у захапленне — і не дзіва: настаўнік сталаваўся ў доме яго бацькі, і ў хлопчыка было досыць прычын ненавідзець яго. Як знарок, жонка настаўніка збіралася паехаць на некалькі дзён да знаёмых у госці, і, значыцца, ніхто не мог перашкодзіць выкананню задуманай помсты. Настаўнік быў п’яніца, і сын маляра абяцаў таварышам, што ў вечар экзамена, калі настаўнік вып’е і засне ў сваім крэсле, ён «усё наладзіць», а сам уцячэ.

Усё вышла, як думалі. А восьмай гадзіне вечара вызначанага дня будынак школы быў ярка асветлены і ўпрыгожаны гірляндамі і фестонамі з лісцяў і кветак. Настаўнік сядзеў на ўзвышэнні, у вялікім крэсле. Ззаду ад яго была чорная дошка. Па твары яго відаць было, што ён ужо досыць пачаставаў сябе віном. Шэсць радоў лавак супроць яго і па тры пярэдніх з кожнага боку былі заняты ўрадаўцамі і бацькамі вучняў. Налева, за галовамі абываталяў, на шырокім часовым памосце сядзелі школьнікі, якія павінны былі прымаць удзел у сёнешнім экзамене; шэрагі