Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/121

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

з іх сачылі за кожным яго рухам. Некалькі часу містэр Добінс безуважна круціў кнігу ў руках, потым узяў яе, усеўся зручней у крэсла і падрыхтаваўся чытаць.

Том зірнуў на Бэкі. Божа! Які ў яе быў няшчасны выгляд! Нібы ў трусіка, у якога нацэліліся са стрэльбы. Том адразу забыўся на сваю сварку з ёю. Трэба зараз-жа нешта такое зрабіць, зараз-жа, не чакаючы ні мінуты! Але блізкая, няўхільная небяспека паралізавала ўсю яго кемлівасць.

Ёсць! Бліскучая думка! Ён падбяжыць, вырве кнігу з рук настаўніка, выскачыць за дзверы — і шукай ветра ў полі! Але пакуль ён падумаў, момант быў прапушчаны: настаўнік разгарнуў кнігу. Эх, каб можна было вярнуць гэты страчаны момант! «Позна ўжо, — цяпер для Бэкі няма ратунку!» казаў сабе Том.

Яшчэ хвіліна — і настаўнік абвёў вачыма клас. Усе вочы спусціліся перад яго позіркам. У гэтым позірку было нешта такое, што нават невінаватыя задрыжэлі ад страху. Настала пауза, у працягу якой некаторыя паспелі палічыць да дзесяці. Настаўнік, так сказаць, назапашваў лютасць. Нарэшце ён загаварыў:

— Хто парваў гэтую кнігу?

Ані гуку. У класе была такая ціша, што можна было-б пачуць, як упадзе булаўка. Маўчанка цягнулася.

Настаўнік прыглядаўся па чарзе да кожнага твару, шукаючы адзнакаў віны.

— Бэнджамен Роджэрс, ты парваў гэтую кнігу?

Адмоўны адказ. Зноў пауза.

— Джозеф Гарпер, ты?

Зноў адмаўленне. Трывога Тома ўсё расла. Гэтыя пытанні і адказы былі для яго нібы павольнае мардаванне. Настаўнік запытаў хлопчыкаў і звярнуўся да дзяўчынак:

— Эмі Лоўрэнс?

Тая пакруціла галавой.

— Грэсі Мілер?

Тое самае.

— Сюзана Гарпер, дык гэта ты?