Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/120

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

вядома, ёй усыплюць. Папалася цяпер Бэкі Тэчэр, — ужо-ж ёй з гэтага цяпер не выкараскацца!» Падумаўшы крыху, ён дадаў: «Так ёй і трэба! Яна была-б рада, каб я папаўся,— хай цяпер сама паспрабуе».

І Том далучыўся да таварышоў, што гулялі на двары. Праз некалькі мінут прышоў настаўнік, і пачаліся заняткі. Том не надта цікавіўся лекцыямі. Ён увесь час пазіраў у той бок, дзе сядзелі дзяўчаты, і кожны раз яго хваляваў выгляд твара Бэкі. Ён зусім не хацеў шкадаваць яе, а тымчасам не мог устрымацца, каб не шкадаваць. Ён не мог выклікаць у сябе нічога падобнага на радасць ці злосць.

Але вось хутка настаўнік выявіў, што кніга Тома заліта чарніламі, і ўся ўвага Тома накіравалася на свае ўласныя справы. Бэкі на некаторы час забылася на сваё становішча і зацікавілася тым, што робіцца ў класе. Яна не думала, што запэўненні Тома, нібы гэта не ён сам запэцкаў кнігу, могуць вызваліць яго ад кары. Яно так і было: выраканні Тома толькі пагоршылі справу. Бэкі думала, што яна будзе радавацца ад гэтага, і спрабавала запэўніць сябе, што радуецца, але гэта было не вельмі лёгка. Калі дайшло да самага горшага, ёй вельмі хацелася ўстаць і сказаць, што гэта зрабіў Альфрэд Тэмпль, але яна прымусіла сябе сядзець ціха, кажучы сабе: «Ён-жа ж напэўна скажа, што я парвала малюнак. Дык вось-жа не скажу ні слова! Нават каб гэта было неабходна для выратавання яго жыцця».

Том атрымаў сваю порцыю лазы і бясклопатна вярнуўся на сваё месца. Яму здавалася магчымым, што можа ён і сам, гуляючы, перакуліў чарнільніцу на кнігу. А калі ён адмаўляў сваю віну, дык толькі так сабе, бо такі ўжо звычай, ды яшчэ таму, што хацеў вытрымаць характар.

Прайшла цэлая гадзіна. Настаўнік сядзеў на троне і дзюбаў носам. Ад гудзення вучняў, здавалася, самае паветра зрабілася нейкім сонным. Нарэшце містэр Добінс выпрастаўся, пазяхнуў, адчыніў шуфляду і нерашуча пацягнуўся за кнігай, нібы не ведаючы, ці браць яе ці не. Большасць вучняў глядзела на гэта абыякімі вачыма, але двое