Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/119

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Бэкі шпарка згарнула кнігу, але так няўдала, што напалову разадрала малюнак. Яна кінула кнігу ў шуфляду, пакруціла ключ у замку і расплакалася ад сораму і прыкрасці.

— Том Соўэр! гэта акурат падобна на вас. Якая подласць — падкрасціся ззаду і падглядваць за другімі!

— Чаму-ж падглядваць? Ці-ж я мог ведаць, што вы робіце?

— Сорам, Том Соўэр! Вы, вядома, набрэшаце на мяне, і што я тады буду рабіць? Мяне абавязкова высцебаюць, а мяне яшчэ ніколі не білі ў школе. — Яна топнула ножкай і крыкнула: — Ну, і хай сабе, калі вы такі подлы! Я таксама нешта ведаю. Пачакайце, вось убачыце, што будзе. Брыдкі! брыдкі! агідны!

І яна з плачам выбегла з пакою.

Том застаўся на месцы, ашаломлены гэтым неспадзяваным нападам. Потым сказаў сабе:

«Якія яны дзівацкія і дурныя, гэтыя дзяўчаты! Ніколі не білі ў школе! Падумаеш, якая важнасць, што адлупцуюць! Ужо гэтыя дзяўчаты заўсёды такія — спешчаныя і баязлівыя. Вядома, я не скажу старому Добінсу пра гэтую маленькую дурніцу, але яна ўсёроўна пападзецца. Добінс спытаецца, хто парваў яго кнігу. Ніхто не адгукнецца. Тады ён пачне перабіраць усіх па адным, як гэта ён заўсёды робіць, і калі дойдзе да вінаватай, то па твары пазнае, што яна вінаватая, нават не пытаючыся. У дзяўчынак усё можна пазнаць па твары, — яны нічога не ўмеюць схаваць. Ну і,