Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/118

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Яна трасанула галоўкай і прайшла міма.

Том быў так пакрыўджаны, што не здагадаўся нават адказаць: «Падумаеш, якое няшчасце! А мне і напляваць!» а потым ужо было позна, — момант прайшоў. Ён нічога не сказаў, але-ж затое раззлаваўся страшэнна. Панура швэндаўся ён па школьным двары, шкадуючы, што Бэкі не хлопчык і яе нельга аддубасіць. А тут якраз яна прайшла міма і сказала нешта абразлівае. Ён адказаў таксама, — і гэта дакончыла разрыў.

Раззлаваная Бэкі не магла дачакацца пачатку лекцый, каб паглядзець, як усыплюць Тому за папсаваную кнігу. Калі ў яе і хавалася думка выдаць Альфрэда Тэмпля, то пасля куслівых слоў Тома гэтая думка знікла.

Бедная дзяўчынка! Яна не ведала, што за ёй таксама сочыць бяда. Настаўнік, містэр Добінс, быў чалавек, які ўсё жыццё быў незадаволены сваім лёсам. Самая вялікая мара яго была, — зрабіцца доктарам, але па беднасці ён не мог пайсці далей за школьнага настаўніка. Кожны дзень у класе ён вынімаў з шуфляды стала нейкую таямнічую кнігу і ўрыўкамі, у перапынках, калі вучні не адказвалі лекцый, пачынаў чытаць яе. Гэтая кніга была ў яго заўсёды замкнутая на ключ. Не было хлапчука ў школе, які не паміраў-бы ад жадання хоць адным вокам зірнуць у гэтую кнігу, але не траплялася выпадку. Кожны вучань меў свае меркаванні наконт таго, якая гэта кніга, але кожны думаў па-свойму, а даведацца праўды не было мажлівасці.

І вось Бэкі, ідучы каля кафедры, заўважыла, што ключ тырчыць у замку: настаўнік забыўся яго ўзяць. Ці можна было прапусціць такі незвычайны выпадак? Дзяўчынка азірнулася — навакол ні душы. Праз хвіліну яна ўжо трымала кнігу ў руках. Загаловак «Анатомія» нічога ёй не сказаў, і яна пачала перагортваць старонкі… і зараз-жа патрапіла на прыгожа намаляваную і афарбаваную чалавечую фігуру.

У той-жа момант цень упаў на старонку кнігі: ззаду стаяў Том Соўэр, які таксама паспеў убачыць малюнак.