Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/117

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Гэтыя словы гучэлі шчырасцю. У старой дрыгнуў голас, калі яна сказала:

— Пацалуй мяне, Том! А цяпер ідзі ў школу і больш не лезь да мяне.

Праз хвіліну Том ужо ішоў у школу, а цёця Поллі пабегла ў камору, дзе віселі рэшткі ад курткі Тома, якую ён насіў у часе сваіх разбойніцкіх дзеянняў. Узяўшы ў рукі куртку, яна раптам задумалася і прашаптала:

— Не, лепш не трэба! Бедны хлопчык! Я ўпэўнена, што ён зманіў, але такая мана — не грэх. Яна так усцешыла мяне. Я спадзяюся, я ведаю, што бог даруе яму, бо ён зманіў ад добрай душы. Але мне не хочацца пераконвацца ў тым, што гэта мана, — не буду глядзець!

Яна палажыла куртку і мінуту раздумвала, гледзячы на яе; потым зноў працягнула руку, зноў яе адсунула; нарэшце адважылася, падмацаваўшы сябе думкай: «Гэтая мана з добрым намерам, ад шчырага сэрца, — я не буду крыўдзіцца». Праз хвіліну яна ўжо чытала радкі, накрэмзаныя Томам на кавалку кары, і казала праз слёзы:

— Я магла-б дараваць гэтаму хлопчыку сто тысяч грахоў!

Раздзел ХХ

На твары цёці Поллі, калі яна пацалавала Тома, было нешта такое, ад чаго яго смутак адразу знік, і на душы ў яго зноў зрабілася лёгка і весела. Ён пайшоў у школу, і яму пашанцавала: на рагу ён сустрэўся з Бэкі Тэчэр. Том заўсёды дзейнічаў пад уплывам мінуты. Ён, не задумваючыся, пабег да дзяўчынкі і сказаў:

— Я сёння трымаў сябе вельмі дрэнна, Бэкі, і вельмі шкадую!.. Я ніколі, ніколі ў жыцці больш не буду так рабіць. Давай памірымся, хочаш?

Дзяўчынка спынілася і з пагардай глянула яму ў твар.

— Я буду вам вельмі ўдзячна, містэр Томас Соўэр, калі вы пакінеце мяне ў спакоі. Я больш не жадаю гаварыць з вамі!