Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/115

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Але на поўдарозе яна раздумалася: ёй успомнілася, як Том наўмысля не звяртаў на яе ўвагі, калі яна гаварыла пра пікнік, і яна парашыла не ўмешвацца ў гэтую справу. Хай сабе яго адлупцуюць за папсаваную кнігу, ёй усёроўна: яна яго ненавідзіць!

Раздзел ХІХ

Том прышоў дадому пануры і з першых-жа слоў цёткі зразумеў, што тут яго гора не сустрэне спачування.

— Ну, Том, я, здаецца, з цябе ўсю скуру здзяру!

— Цёця, што-ж я зрабіў?

— Досыць! Я, старая дурніца, іду да місіс Гарпер, каб расказаць ёй пра незвычайны сон, — і што-ж выяўляецца? Яна выпытала ў Джо, што ты быў тут. Што можа выйсці з хлопчыка, які так бессумленна брэша!Як мог ты не сказаць ні слова і дапусціць мяне ісці да місіс Гарпер, каб усе смяяліся з мяне, як з дурной?

Такі паварот справы быў для Тома новым. Раніцою яго ўчынак здаваўся яму зусім няшкодным, дасціпным жартам, цяпер-жа ён убачыў, што зрабіў дрэнна, агідна. Ён павесіў галаву і ў першы момант не ведаў, што адказаць; потым сказаў:

— Цёця, мне шкода, што я гэта зрабіў, я не падумаў.

— Ах, дзіця, ты ніколі не падумаеш! Ты ніколі ні пра што не падумаеш, апрача прыемнасці для сябе самога. Вось прышло табе ў галаву прыйсці сюды з Джэксонава вострава ўчачы, каб пасмяяцца з нашага гора. Прышло ў галаву абдурыць мяне расказамі пра свой сон, а вось пашкадаваць нас ды не рабіць прыкрасцей — а б гэтым ты не падумаў.

— Цёця, я цяпер разумею, што гэта было пагана з майго боку, але я не хацеў зрабіць подласць, — чэснае слова, не хацеў. І тады ўвечары я прышоў зусім не для таго, каб смяяцца з вас.

— А для чаго-ж?