Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/114

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Небарака Альфрэд, заўважыўшы, што яна чамусьці перастала звяртаць на яго ўвагу, безупынна ўскрыкваў:

— Ах, вось які прыгожанькі малюнак! Глянь сюды!

Дзяўчынка нарэшце страціла цярплівасць і крыкнула:

— Ах, адчапіцеся вы ад мяне з вашымі малюнкамі. Вы мне абрыдалі.

Расплакалася і пайшла. Альфрэд кінуўся за ёю, пачаў яе суцяшаць, але яна сказала:

— Адыйдзіце! Пакіньце мяне адну! Я вас ненавіджу!

Хлопчык спыніўся, не разумеючы, што ён зрабіў ёй. Яна абяцала, што ўвесь перапынак будзе разглядаць з ім малюнкі — і раптам пайшла, Альфрэд сумна ўсеўся ў пустым крэсле. Ён быў засаромлены і сярдзіты. Мабыць дзяўчынка размаўляла з ім толькі дзеля таго, каб пазлаваць Тома Соўэра.

Ад гэтай думкі ў ім абудзілася нянавісць да Тома. Яму захацелася прыдумаць які-небудзь спосаб, каб пашкодзіць ворагу, але без рызыкі для сябе. Тут яму трапілася на вочы кніга Тома для класнага чытання. Вось добры выпадак!

Ён разгарнуў кнігу ў тым месцы, дзе была задана лекцыя, і заліў чарніламі старонку. Бэкі акурат у гэтую хвіліну глянула ў акно ззаду ад яго і ўбачыла, што ён зрабіў, але адышла, не паказаўшыся. Яна пабегла ў бок дома, спадзяючыся спаткаць Тома і расказаць яму пра кнігу. Том парадуецца, будзе ёй удзячны, — і ўсе непрыемнасці скончацца.