Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/113

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

балбатня Эмі нарэшце зусім абрыдала яму. Том намякаў ёй, што яму трэба і туды і сюды, зрабіць тое і сёе, што час ідзе, але дарэмна, — дзяўчынка не спынялася. «Ах, каб цябе!» думаў Том: «Няўжо-ж я ніколі ад цябе не адчаплюся?» Нарэшце ён абвясціў, што яму трэба пайсці дадому, і адышоў, з нянавісцю да яе.

«І хоць-бы хто іншы», думаў Том, «хоць абы хто, толькі не гэты франт з Сан-Луі, які задаецца, што ён гэтак фасоніста ўбраны і мае арыстакратычны выгляд. Ну, пачакай-жа ж ты! Я табе даў чосу ў першы дзень, калі ты з’явіўся ў нашым горадзе, і зноў дам. Пачакай ты ў мяне, францік — дабяруся я да цябе!»

І Том, каб спагнаць злосць, пачаў размахваць рукамі ў паветры, нібы калашмацячы свайго ворага і так і гэтак. «Вось табе! Вось табе! Што, атрымаў? Досыць ужо? Ну, глядзі, у другі раз не совай свой нос!» Бойка скончылася поўнай перамогай Тома, пасля чаго ён пабег дахаты.

Бэкі ўсё разглядала малюнкі з Альфрэдам. Але час ішоў, а Том не вяртаўся, і гэта псавала яе настрой. Малюнкі абрыдалі ёй, яна зрабілася сур’ёзнай і безуважнай, потым маркотнай, а нарэшце адчула сябе зусім няшчаснай і шкадавала, што завяла сваю помсту так далёка.