Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/108

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Успомніў, успомніў! Вецер пагасіў свечку.

— О божа! Далей, Том, далей!

— Потым вы нібы сказалі: «Здаецца, нібы дзверы…»

— Далей, Том, далей!

— Пачакайце, дайце ўспомніць… Ах, так! вы сказалі, што вам здаецца, нібы дзверы адчыненыя.

— Ды я-ж іменна гэта і сказала. Памятаеш, Мэры? Ну далей!

— Потым… потым… Ну, я не памятаю, я не ўпэўнены, але мне здаецца, нібы вы паслалі Сіда, каб ён… каб ён…

— Ну? ну? Што я сказала яму зрабіць?

— Вы сказалі яму, вы… загадалі яму зачыніць дзверы.

— Божа літасцівы! Ніколі не чула я такога. Вось пасля гэтага і не давай веры снам. Зараз-жа пабягу расказаць усё гэта місіс Гарпер. Паглядзім, ці будзе яна пасля гэтага казаць усялякія глупствы пра забабоны. Расказвай-жа, Том, што было далей!

— О, цяпер я ўсё ўспомніў, цёця! Потым вы сказалі, што я не злы, а толькі свавольнік і прайдзісвет, і што з мяне спаганяць ўсёроўна, што — гэта вы сказалі? — з жарабяці, ці што.

— Ну але, я іменна так і сказала. Ах, божа мой! Ну, што-ж далей, Том?

— Потым вы заплакалі.

— Верна, верна, заплакала, і не першы раз. Потым?

— Потым місіс Гарпер таксама заплакала і пачала гаварыць, што Джо таксама добры і ёй шкода, што яна пабіла яго за сліўкі, калі яна сама выплехнула іх.

— Гэта быў прароцкі сон. Ну, расказвай далей!

— Потым Сід сказаў…

— Я, здаецца, нічога не сказаў.

— Не, Сід, ты сказаў, — паправіла Мэры.

— Ціха, не перашкаджайце яму! Ну, Том, што-ж ён сказаў?

— Ён сказаў, што ён спадзяецца, што мне там лепш, дзе я цяпер. Але, каб я раней быў лепшы…