Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/107

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Я не ведаю… Гэта-ж усё папсавала-б…

— Ах, Том, а я ўсё спадзявалася, што ты хоць трошкі любіш мяне! — сказала цёця прыкрым голасам, ад якога хлопчыку зрабілася няёмка. — Каб ты хоць падумаў аб гэтым, — не кажу ўжо каб зрабіў, — але ты нават і не падумаў.

— Ну, цёця, гэта яшчэ не бяда; умяшалася Мэры. — У Тома-ж наогул вецер у галаве, і ён заўсёды мае столькі клопату, што яму зусім няма калі думаць.

— Тым больш шкода. Сід падумаў-бы, і Сід прышоў-бы. Ах, Том, калі-небудзь ты пашкадуеш, што не стараўся хоць трошкі любіць мяне; пашкадуеш, але будзе позна.

— Ну, годзе, цёця, вы-ж ведаеце, што я вас люблю, — сказаў Том.

— Я лепш гэта ведала-б, каб гэта хоць крыху было відаць з тваіх учынкаў.

— Я цяпер вельмі шкадую, што мне гэта не прышло ў галаву, — сказаў Том тонам раскаяння. — Затое я хоць ува сне вас бачыў, гэта-ж таксама чаго-небудзь варта.

— Ну, не надта, — нават, кошкі сняць, — але ўсё-ж лепш, як нічога. Што-ж табе снілася?

—А вось што. У сераду вечарам я сніў, нібы вы сядзіцё ля ложка, а Сід каля вас на драўлянай скрыні, а ля яго Мэры.

— Што-ж, мы так і сядзелі. Мы так заўсёды сядзім. Я рада, што хоць сон напомніў табе нашы прывычкі.

— Потым мне снілася, што тут-жа сядзіць маці Джо Гарпера.

— Але-ж яна і сапраўды была тут! Што-ж табе яшчэ снілася.

— О, многа чаго! Ды толькі я цяпер слаба памятаю.

— Ну, паспрабуй успомніць! Няўжо не можаш?

— Яшчэ мне здалося ўва сне, што вецер… вецер…

— Прыпомні, Том, што зрабіў вецер?

Том прыціснуў пальцы да ілба і пасля хвіліны трывожнага чакання ўсклікнуў: