Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/106

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ну, вядома, галубок мой! Я ад усёй душы рада бачыць яго, беднага сіротку!

І цёця Поллі пачала лашчыць Гека, ад чаго той яшчэ больш засароміўся.

Потым усе заспявалі. Старадаўні падзячны гімн загучэў, як ніколі — і морскі разбойнік Том Соўэр, азіраючыся на зайздросціўшых яму таварышоў, адчуваў, што гэта лепшая мінута ў яго жыцці.

У гэты дзень Тому дасталося пстрычак і пацалункаў — у залежнасці ад настрою цёці Поллі столькі, што хапіла-б на цэлы год.

Раздзел ХVІІI

Гэта і быў вялікі таемны замысел Тома — вярнуцца дадому ўсім разам і прысутнічаць на сваім уласным пахаванні. Яны ў суботу дабраліся на бервяне да процілеглага берага, выйшлі на пяць-шэсць міль ніжэй ад вёскі, начавалі ў лесе, недалёка ад ваколіцы, ледзь золак прабраліся задворкамі ў горад і добра выспаліся на царкоўных хорах сярод гурбаў зламаных лавак.

У панядзелак раніцою, у часе снедання, цёця Поллі і Мэры былі надзвычайна ласкавыя да Тома і з ахвотай выконвалі ўсе яго жаданні, У часе гутаркі, вельмі жвавай, цёця Поллі сказала:

— Бачыш, Том, я не кажу, што гэта не цікава — прымусіць усіх мучыцца цэлы тыдзень, абы толькі вам было весела; але мне вельмі прыкра, што ў цябе такое злое сэрца і ты так мала мяне любіш. Калі ты мог пераплыць раку на бервяне, каб прысутнічаць на ўласным пахаванні, то ты мог-бы зірнуць і ў хату, каб даць мне які-небудзь знак, што ты не памёр, а толькі ўцёк.

— Але, гэта ты мог зрабіць, Том, — сказала Мэры, — і вядома зрабіў-бы, каб гэта прышло табе ў галаву.

— Праўда, Том? Ты зрабіў-бы, — і цёця Поллі журботна ўсміхнулася. — Ну, скажы, зрабіў-бы, каб гэта прышло табе ў галаву.