Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/105

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

На хорах пачуўся якісьці шум, на які ніхто не звярнуў увагі; праз хвіліну рыпнулі ўваходныя дзверы. Пастар падняў заплаканыя вочы над насавой хустачкай і… скамянеў ад здзіўлення.

Убачыўшы гэта, зірнулі ў той бок адзін, другі чалавек — і праз момант усе, як адзін, усталі з месц, гледзячы на трох нябожчыкаў, якія ішлі к алтару: Том наперадзе, за ім Джо і ззаду за імі Гек, які панура пазіраў на свае адзенне, ад якога засталіся адны шматкі. Яны ўсе сядзелі на хорах, слухаючы пахавальную прамову аб сабе.

Цёця Поллі, Мэры і Гарперы кінуліся да сваіх улюбёных, пачалі цалаваць, а бедны Гек стаяў засаромлены, не ведаючы, што яму рабіць і куды дзецца ад столькіх накіраваных на яго неласкавых поглядаў. Ён азіраўся па баках і ўжо хацеў быў уцячы, але Том схапіў яго за руку і сказаў:

— Цёця Поллі, так нельга! Хто-небудзь павінен-жа парадавацца і з Гека.