Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/104

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

На другі дзень, пасля заняткаў у школе, заместа звычайнага званка, пачуліся мерныя, працяглыя ўдары царкоўнага звана. Адзін за адным пайшлі ў царкву парафіяне, спыняючыся на парозе, каб шэптам пагутарыць аб сумным здарэнні. Ніхто не мог успомніць, каб маленькая царква калі-небудзь была такая поўная. Зрабілася ціха, і ў царкву ўвайшлі цёця Поллі з Сідам і Мэры, а за імі сям’я Гарпер — усе ў жалобе. Усе, як адзін чалавек, у тым ліку і стары пастар, пачціва ўсталі і стаялі ўвесь час, пакуль радня загінуўшых не расселася на пярэдняй лаве. Потым зноў настала цішыня, перарываемая толькі прыглушанымі рыданнямі.

Нарэшце пастар распасцёр рукі і пачаў службу. Праспявалі чуллівы гімн, потым была пропаведзь на тэкст: «Я ёсць уваскрасенне і жыццё».

Пастар намаляваў такую яскравую карціну вартасцей, прывабнасці і незвычайнай здольнасці загінуўшых хлопчыкаў, што не засталося ў царкве ніводнага чалавека, які не пашкадаваў-бы і не журыўся, што ён увесь час упарта не хацеў бачыць вартасці бедных хлопчыкаў, а ўпарта бачыў у іх адны толькі недахопы і заганы.

Прамова пастара рабілася ўсё больш чуллівая, публіка ўсё больш расчулівалася і, нарэшце, хорам далучылася да рыданняў радні, нават сам пастар не мог стрымацца і заплакаў на кафедры.