Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/103

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

суботні адпачынак, здавалася, быў не на радасць. Гульні не ладзіліся, і паступова дзеці зусім адмовіліся ад іх.

Пад вечар Бэкі Тэчэр сумна сядзела адна на школьным двары і, не знаходзячы ні ў чым уцехі, гутарыла сама з сабой.

— Хоць-бы ў мяне засталася тая медная шпонка, што ён падараваў мне, а то мне нават і памянуць яго няма чым.

Бэкі ўсхліпнула, потым казала далей:

— Гэта акурат тутака і было… О, каб можна было паўтарыць нашу сустрэчу, я не казала-б яму такіх злых слоў! Але яго няма, і я ніколі, ніколі больш не ўбачу яго.

Гэтая думка забівала яе, і яна пайшла ўся ў слязах.

Потым прышоў цэлы гурт хлопчыкаў і дзяўчынак, школьных таварышоў Тома; стоячы ля плота і сцішыўшы голас у знак пашаны да нябожчыкаў, яны ўспаміналі, як Том зрабіў тое і тое і што сказаў Джо, прычым у кожным яго слове бачылі цяпер злавеснае прароцтва. І кожны дакладна паказваў тое месца, дзе стаялі загінуўшыя хлопчыкі, і пры гэтым сказаў: «А я стаяў вось так, як цяпер стаю, а ён — як ты стаіш, і ён усміхнуўся вось так, і на мяне раптам нешта такое найшло, неяк жудасна зрабілася, разумееце? — Ну, тады я, вядома, не ведаў, што гэта значыць, а цяпер разумею!»

Пачаліся спрэчкі аб тым, хто апошнім бачыў хлопчыкаў жывымі; шмат хто спрабаваў прыпісаць сабе гэты гонар, але паказаннямі сведак гэта абвяргалася; калі-ж нарэшце высветлілі, хто апошні бачыў загінуўшых таварышоў і размаўляў з імі, то гэтыя шчасліўцы пачалі вельмі задавацца, а ўсе іншыя глядзелі на іх і зайздросцілі. Адзін хлапчук, не знайшоўшы нічога лепшага, з гонарам заявіў:

— Том Соўэр аднаго разу мяне здорава пабіў.

Але яго спроба набыць сабе славу не ўдалася. Тое самае маглі сказаць пра сябе бадай усе хлопчыкі, так што лаўры яго вышлі надта таннымі. Група разышлася, не спыняючы гутаркі пра загінуўшых герояў.